Выніковы даклад АБСЭ: выбары не адпавядалі стандартам
Як лічаць прадстаўнікі Бюро АБСЭ, выбарчае заканадаўства Беларусі не дае магчымасьці для “сапраўднай палітычнай канкурэнцыі". Нягледзячы на “некаторыя паляпшэньні”, выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЭ – пра гэта гаворыцца ў выніковым дакладзе Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ па ацэнцы сёлетніх беларускіх парлямэнцкіх выбараў. Дакумэнт апублікаваны на афіцыйным сайце Бюро АБСЭ.
У дакладзе падкрэсьліваецца, што “неабходна прыкласьці далейшыя сур’ёзныя намаганьні, калі Беларусь шчыра хоча правесьці сумленныя дэмакратычныя выбары ў адпаведнасьці зь яе абавязаньнямі ў АБСЭ”.
У прыватнасьці, як лічаць прадстаўнікі Бюро АБСЭ, выбарчае заканадаўства Беларусі не дае магчымасьці для “сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўленьня да кандыдатаў з боку ўладаў”. Экспэрты АБСЭ зазначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі “не забясьпечвае празрыстага мэханізму захаванасьці скрыняў зь бюлетэнямі пасьля пачатку датэрміновага галасаваньня, а таксама мэханізму абароны самога бюлетэня”.