viasna on patreon

Суд не дазволіў апытваць сьведкаў апазіцыянера

2008 2008-12-03T16:38:25+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Былому апазыцыйнаму кандыдату ў дэпутаты адмовілі ў пазове да старшыні й сакратара ўчастковай камісіі.

Судзьдзя адмовілася апытваць сьведкаў, якія пісьмова пацьвердзілі, што галасавалі за Івана Шэгу. Пры гэтым яна спаслалася на тое, што ў Беларусі, згодна з законам, існуе таямніца галасаваньня.

Сёньня ў Слонімскім судзе адбылося другое паседжаньне па пазове Івана Шэгі, былога кандыдата ў дэпутаты ад БНФ, да старшыні й сакратара ўчастковай выбарчай камісіі № 17.

Пасьля выбараў Іван Шэга разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы апытаў выбарнікаў на гэтым участку, і высьветлілася, што за яго прагаласаваў не 21 выбарнік, як было запісана ў афіцыйным пратаколе, а ў некалькі разоў больш. Суду ён падаў 61 подпіс выбарнікаў, якія сьведчылі, што аддалі свой голас за яго.

На мінулым паседжаньні Іван Шэга хадайнічаў аб тым, каб гэтых людзей апыталі ў судзе. І вось сёньня судзьдзя не задаволіла гэтага хадайніцтва й адмовіла ў пазове.

Не задаволеным засталося хадайніцтва й аб тым, каб у судзе былі дапытаныя старшыня й сакратар участковай выбарчай камісіі № 17. Дарэчы, сёньня яны зноў не зьявіліся ў суд, спаслаўшыся на занятасьць.

Дапыталі ў судзе толькі сябраў ініцыятыўнай групы Івана Шэгі. Сем чалавек па чарзе распавядалі амаль адно й тое ж: як яны абыходзілі людзей і бралі ў іх пісьмовыя пацьверджаньні, што тыя галасавалі за Івана Шэгу.

Сам Іван Шэга кажа, што на гэтым ня спыніцца:

“Яны як людзі бачаць, што я ў гэтай сытуацыі маю рацыю на 100%, але ў іх сытуацыя такая, што па-іншаму яны вынесьці рашэньне не маглі. Але я напісаў скаргу, буду падаваць у абласны суд і вярхоўны. Наагул, вырашыў ісьці да канца”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства