Судовая практыка Беларусі: без мяне мяне асудзілі
Вядомая распаўсюдніца незалежнага друку з Барысава Святлана Данілава напрыканцы лістапада атрымала па пошце пастанову суда Першамайскага раёну Менска аб пакараньні яе грашовым штрафам у памеры 20 базавых велічынь за распаўсюд перадвыбарчых улётак з заклікам да байкоту. У пастанове суду ўказана, што яна на судовае паседжаньне не з’явілася.
Святлану Данілаву затрымалі 21 верасня з улёткамі, якія заклікалі да байкоту выбараў і даставілі ў Першамайскі РУУС Менска, дзе пратрымалі каля 15 гадзінаў. У дачыненьні да распаўсюдніцы быў складзены пратакол ад адміністратыўным правапарушэньні, які быў адасланы па месцы жыхарства Данілавай у Пракуратуру Барысаўскага раёну. Калі жанчына вырашыла высьветліць у памочніка пракурора, што ёй пагражае, ёй паведамілі, што рашэньне яшчэ не прынятае і няма чаго сюды хадзіць.
І вось роўна праз два месяцы пасьля затрымання ў Менску, суддзя суду Першамайскага раёну Ананіч пакарала сямідзесяцігадовую распаўсюдніцу грашовым штрафам у памеры 20 базавых велічыняў нібыта за парушэньне часткі 3 артыкула 23.34 КаАП РБ. Прычым суд зрабіў усё, каб адказчыца на судовае пясяджэньне не патрапіла, нават позву ёй не даслалі. Але пры гэтым у пастанове цынічна адзначылі, што адказчыца на суд не з’явілася.
Вось такая цемрашальская судовая справа была арганізаваная супраць распаўсюдніцы незалежнага друку ў той час, калі беларускі ўрад робіць сціплыя захады па дэмакратызацыі грамадства і судовае сістэмы. Відаць прыклады атавістычнага бяспраўя ў дачыненьні да грамадзян яшчэ доўга будуць узбударажваць цывілізаваны свет.