26 ліпеня ўвечары ў Шчучыне былі затрыманыя трое лідараў Саюзу палякаў Беларусі – Юзаф Пажэцкі, Мечыслаў Яшкевіч і Андрэй Пачобут.
Усіх да гэтага часу не адпускаюць з пастарунку. Хутчэй усяго сёння 27 ліпеня над імі адбудзецца суд. Абвінавачвацца затрыманыя будуць у правядзенні ў Шчучыне 3 ліпеня бягучага году несанкцыянаванага пікету. На гэты раз Юзаф Пажэцкі, Мечыслаў Яшкевіч і Андрэй Пачобут прыехалі ў Шчучын каб прысутнічаць у якасьці назіральнікаў на чарговым арганізацыйным фарсе былога кіраўніцтва Саюзу палякаў – стары склад Галоўнай рады сёньня зьбіраецца якраз у Шчучыне з мэтай прызначэньня даты паўторнага зьезду. А ўчора былы старшыня СПБ у будынку польскай школы ў Гародні сабраў сваіх прыхільнікаў з ліку старога складу Управы СПБ і заявіў, што новае кіраўніцтва арганізацыі дажывае апошні дзень. Што азначалі гэтыя словы, стане зразумела ў бліжэйшы час, але ўжо ўначы ў кватэру дэмакратычна абранай кіраўнічкі Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс зноў уварваліся міліцыянты з пагрозамі.
Стала вядома, што суд над затрыманымі ў Шчучыне па ўсёй верагоднасьці адбудзецца ў Лідзе. Рэч у тым, што жонка кіраўніка мясцовай філіі СПБ Віктара Богдана, які падтрымвае Кручкоўскага, Тамара Богдан, працуе суддзёй у мясцовым судзе. Такім чынам, Шчучынскія ўлады альбо дэзінфармуюць грамадзкасьць, альбо спрабуюць хоць неяк уратаваць твар.