Бандажэўскаму амніставалі адзін год
Зьняволенаму прафэсару Юрыю Бандажэўскаму, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі-пасяленьня №26, амніставалі адзін год, паведаміла Радыё Свабода.
У выніку прафэсар мусіць знаходзіцца на пасяленьні яшчэ прыкладна пяць з паловай месяцаў, да 6 студзеня 2006 года. Ці пойдуць улады на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне навукоўца, пакуль невядома.
Паводле спадарыні Бандажэўскай, іншыя зьняволеныя гэтай жа калёніі, якім заставаўся няпоўны год, даўно ўжо выпушчаныя дахаты, па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Прафэсар Бандажэўскі працуе сьлесарам на фэрме ў сельскагаспадарчым вытворчым каапэратыве “Беліца-агра” Лідзкага раёну.
Нагадаем, Юры Бандажэўскі быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. На пачатку году прафэсар меў шанец на ўмоўна – датэрміновае вызваленьне, паколькі адбыў дзьве траціны тэрміну, але яго ня вызвалілі. Адміністрацыя калёніі палічыла, што Бандажэўскі, маўляў, ня стаў на шлях выпраўленьня і не прызнаў сваёй віны. Раней адзін год па амністыі зь прафэсара ўжо здымалі. Міжнароднымі арганізацыямі ён названы сярод іншых палітычных зьняволеных у Беларусі.