viasna on patreon

Канфлікт паміж беларускімі ўладамі і Саюзам палякаў усугубляецца

2005 2005-07-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Умяшальніцтва ўладаў у дзейнасьць грамадзкай арганізацыі Саюзу палякаў у Беларусі дасягнула свайго апагею. Увечары 27 ліпеня каля 22.00 адбыўся гвалтоўны захоп Галоўнай сядзібы Саюзу палякаў у Гародні. Якія падразьдзяленьні сілавых структураў ажыцьцяўлялі гэтую “аперацыю”, сказаць цяжка, бо нападнікі былі апранутыя ў спартовую форму. Кіраўніцтва арганізацыі брутальным спосабам папросту было выкінута з сядзібы. Людзей выцягвалі з будынку і валаклі па зямлі, аднаму са старэйшых сябраў
арганізацыі Ляону Падляху падралі кашулю. Такім чынам улады ўвялі ў галоўную сядзібу Саюзу палякаў былое кіраўніцтва на чале з Тадэвушам Кручкоўскім. Каля 20 чалавек былі затрыманыя, на міліцэйскіх машынах іх разьвезьлі па розных пастарунках гораду. Сярод затрыманых былі таксама некалькі журналістаў, у прыватнасьці Вацлаў Радзівіновіч і Робэрт Кавалеўскі з “Газэты выборчай”. Праз тры гадзіны, каля гадзіны ночы, ўсіх затрыманых адпусьцілі.
28 ліпеня а 9-й гадзіне раніцы каля будынку Саюзу палякаў сабралася каля трох дзесяткаў актывістаў арганізацыі, якія выказывалі абурэньне па прычыне такіх гвалтоўных дзеяньняў. Уваход у будынак пільна ахоўвалі высокія міліцэйскія чыны, непадалёк таксама стаялі людзі ў цывільным. Старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс, якая хацела забраць свае асабістыя рэчы, у памяшканьне не пусьцілі. “Правільныя” кіраўнікі баяцца выйсьці з будынку і паказацца на людзі. А адзін з актыўных удзельнікаў тэлевізійных “агідак”, выкладнік аграрнага ўнівэрсытэту Вальдэмар Краўцэвіч, які прыйшоў да сядзібы, пад воклічы “здрайца” быў змушаны ратавацца ўцёкамі. Хаця людзі, сярод якіх пераважаюць жанчыны сталага веку, былі настроены не агрэсіўна. Прысутныя сьпявалі рэлігійныя песьні і знакаміты гімн “Рота” на вершы Марыі Канапніцкай, пасьля ўкленчылі і сталі маліцца.
Тым часам, “халодная вайна” паміж Беларусьсю і Польшчай нарастае. Стала вядома, што беларускія ўлады адмовілі палякам у забесьпячэньні польскаму самалёту, які меўся ляцець у Катынь на ўшанавальныя ўрачыстасьці, паветранага калідору.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства