Суд — завочны. Штраф — рэальны
15 студзеня ў суд Калінкавіцкага раёну позвай быў выкліканы сябра АГП Дзяніс Рабянок. Судовы выканаўца Антаніна Ўласава запатрабавала, каб беспрацоўны актывіст сплаціў 1 мільён 50 тысяч беларускіх рублёў штрафу, завочна вынесенага Ельскім раённым судом нібыта за парушэньне заканадаўства аб выбарах.
“Я кажу, што я – беспрацоўны, маёмасьці сваёй ня маю, жыву разам з бацькамі. Магу плаціць на месяц 35 тысяч рублёў. Больш плаціць мне не дазваляюць мае фінансы. Уласава пагадзілася, сказала: плаціце 35 тысяч і прыносьце квітанцыі”, – распавёў Дзяніс Рабянок.
У суд актывіста выклікалі пасьля таго, як ён атрымаў адмову на сваю скаргу зь Вярхоўнага суду за подпісам намесьніка старшыні спадара Калінковіча.
Ліст з вышэйшай судовай інстанцыі зьдзівіў актывіста ніколькі не менш, чым завочны штраф Ельскага райсуду пасьля завяршэньня кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў:
“Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду даслаў мне адказ. Яны напісалі, што мая віна пацьверджана дакумэнтамі, якія ў мяне нібыта забралі пры затрыманьні, хаця ніякага затрыманьня не было. Ня ведаю, што ім там прысьнілася, але ўжо такое фантазіруюць. Таго й глядзі, напішуць, што некага забіў”.
Дзяніс Рабянок паводле адукацыі – настаўнік беларускай мовы й літаратуры. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году быў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча. З таго часу яго не бяруць на працу ў мясцовыя навучальныя ўстановы.
Летась падчас парлямэнцкіх выбараў спадар Рабянок быў адным з самых актыўных назіральнікаў у рэгіёне. У верасьні яго абвінавацілі ў тым, што ў жніўні ён, ня будучы сябрам ініцыятыўнай групы, нібыта зьбіраў подпісы ў Ельску за кандыдата ў дэпутаты ад АДС у Палескай выбарчай акрузе № 43 Мікалая Гаўрыленку. Актывіста быццам бы пазналі па фатаграфіі дзьве ельскія жанчыны. І хаця спадар Гаўрыленка вылучаўся кандыдатам у дэпутаты праз партыйны пратакол, а не шляхам збору подпісаў, матэрыялы супраць Дзяніса Рабянка накіравалі ў суд і нават аштрафавалі.