viasna on patreon

Выбарчае заканадаўства пакуль не меняюць

2009 2009-01-30T16:43:31+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На мінулым тыдні Беларусь наведаў дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэз Лянарчыч. Галоўнай тэмай яго сустрэч з высокапастаўленымі чыноўнікамі, прадстаўнікамі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці стала абмеркаванне рэкамендацый па паляпшэнні беларускага выбарчага заканадаўства, выкладзеных у дакладзе БДІПЧ АБСЕ. Аднак пакуль засталося загадкай, на якія менавіта змены гатовы пайсці афіцыйны Мінск — ніводзін з бакоў па выніках візіту пра гэта паведамляць не стаў.

Нагадаем, у выніковым дакладзе місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ аб правядзенні парламенцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі гаворыцца, што, нягледзячы на "некаторыя паляпшэнні", выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ.

У прыватнасці, выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для "сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў" і "перашкаджае правядзенню выбараў" у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Эксперты зазначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі "не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня".

Большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі "з-за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў", падкрэсліваецца ў дакладзе. Акрамя таго, абмежаванні з боку дзяржорганаў у мэтах стварэння фармальнай роўнасці паміж усімі кандыдатамі прывялі да "мінімуму месцаў для сустрэч, фінансавання кампаніі і доступу да СМІ". На думку экспертаў місіі, шэраг абставінаў "стварае магчымасці для фальсіфікацый".

Варта таксама зазначыць, што Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) ужо падрыхтавалі і перадалі БДІПЧ АБСЕ свае прапановы па змяненні выбарчага заканадаўства. Гэтыя змяненні грунтуюцца на рэкамендацыях Бюро, але, паводле слоў прадстаўнікоў апазіцыі, з'яўляюцца больш дакладнымі і канкрэтнымі.

Як раней паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН юрыст АГП Сяргей Альфер, АДС падрыхтавалі праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Беларусі па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў. Паводле яго слоў, дакумент прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у чатыры віды нарматыўна-прававых актаў. У Выбарчым кодэксе прапаноўваецца змяніць 17 артыкулаў. Таксама прапаноўваецца змяніць адзін артыкул у законе аб Цэнтральнай камісіі па выбарах, некалькі артыкулаў у законе аб масавых мерапрыемствах — у частцы, якая тычыцца выбараў.

Варта таксама адзначыць яшчэ адзін момант: паляпшэнне выбарчага заканадаўства і правядзенне сумленных і дэмакратычных выбараў з'яўляецца таксама і адной з умоў паляпшэння адносінаў Беларусі з Еўрасаюзам, які ўжо ў красавіку вернецца да разгляду пытання аб санкцыях.

Падчас візіту 22—23 студзеня Янэз Лянарчыч правёў перамовы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, дырэктарам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Валерыем Міцкевічам.

Прадстаўнік АБСЕ таксама сустрэўся з лідэрамі апазіцыйных партый Анатолем Лябедзькам, Вінцуком Вячоркам, Сяргеем Калякіным, Аляксандрам Мілінкевічам, Анатолем Ляўковічам і Мікалаем Статкевічам.

На ўсіх сустрэчах абмяркоўваліся магчымасці выканання рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па паляпшэнні выбараў. Аднак па выніках гэтага дыялогу так і незразумела, на якія менавіта змяненні ў выбарчым заканадаўстве гатовыя пайсці беларускія ўлады і калі гэта будзе зроблена.

На думку палітолага Юрыя Чавусава, нераскрыццё інфармацыі аб ходзе перамоў з'яўляецца часткай той гульні, якая ідзе паміж беларускімі ўладамі і Захадам. "Але такая закрытасць не ідзе на карысць ні беларускай, ні заходняй грамадскасці", — падкрэсліў ён у інтэрв'ю БелаПАН.

Пры гэтым Чавусаў упэўнены, што на выкананне рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і рэальныя змяненні ў выбарчым заканадаўстве Мінск не пойдзе. "Цяперашняе заканадаўства — гэта адна з асноў рэжыму", — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, лічыць палітолаг, беларускае кіраўніцтва цяпер не бачыць сэнсу ў рэальным выкананні гэтых рэкамендацый. "Усё, што патрабавалася, каб візавыя санкцыі (з боку Еўрасаюза. — Т.К.) не былі ўведзеныя зноў, афіцыйны Мінск ужо зрабіў. У нас былі вызваленыя палітзняволеныя, зарэгістраваны рух "За свабоду", дзве незалежныя газеты вярнуліся ў сістэму дзяржаўнага распаўсюджвання, улады заявілі аб гатоўнасці весці дыялог", — нагадаў Юрый Чавусаў. На яго думку, гэтага будзе дастаткова, каб у красавіку Савет Еўрасаюза адзначыў прагрэс Беларусі на шляху да дэмакратыі і не ўвёў санкцыі зноў.

Але рэальных змяненняў у выбарчым механізме не адбудзецца. "Улады і надалей будуць ахвотна дэклараваць сваё жаданне весці дыялог, дэманстраваць сваю гатоўнасць, будуць праводзіцца семінары і сустрэчы, але не больш за тое", — прагназуе эксперт.

Пры гэтым ён падкрэсліў: нават калі дапусціць, што ўлады ўсур'ёз вырашаць палепшыць Выбарчы кодэкс і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, то гэта справа не аднаго дня.

"Спачатку трэба распрацаваць адпаведныя дакументы, выканаць усе працэдуры ўзгаднення, а потым яшчэ ўлады абавязкова захочуць адправіць праекты на экспертызу БДІПЧ, што зойме вельмі шмат часу. У лепшым выпадку да канца года штосьці будзе гатовае", — сказаў Чавусаў.

У той жа час эксперты неаднаразова зазначалі: нават пры ўмове выканання ўсіх рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, нельга гарантаваць, што выбары ў Беларусі будуць праходзіць свабодна і дэмакратычна — важны не толькі закон, важная яшчэ і практыка яго прымянення, паведамляе БелаПАН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства