viasna on patreon

“Апазыцыйны” прызыў не прайшоў міма ўвагі Эўразьвязу

2009 2009-01-31T15:24:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч патрабуе ад прадстаўнікоў ураду краіны неадкладных тлумачэньняў у сувязі з прымусовым прызывам у войска моладзевых актывістаў, паведамляе БелаПАН. Спадар Пратасевіч таксама “рашуча асуджае” прымусовы прызыў у войска Франка Вячоркі, Івана Шылы, Зьмітра Хведарука.

“Улічваючы, што працягваецца ацэнка сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на працягу шасьцімесячнага пэрыяду прыпыненьня санкцый, і беручы пад ўвагу заявы беларускіх уладаў пра іх зацікаўленасьць у працягу канструктыўнага дыялёгу з Эўразьвязам, я назіраю за гэтай практыкай зь вялікай заклапочанасьцю”, — гаворыцца ў заяве.

Палітык заклікаў Эўракамісію і Раду Эўразьвязу таксама запатрабаваць ад Беларусі тлумачэньняў, каб “гарантаваць, што гэтыя дзеяньні не падрываюць перамоўны працэс паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”.

Гэта другая заява Яцка Пратасевіча за апошнія дні. 26 студзеня ён ужо выказваў заклапочанасьць “практыкай гвалтоўнага прызыву ў войска”.

“Такая практыка выклікае сур’ёзныя сумненьні ў тым, што ўсеагульны воінскі абавязак не выкарыстоўваецца як адзін зь відаў палітычных рэпрэсій супраць апазыцыйных актывістаў”, — было сказана ў заяве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства