Газета «Товарищ» прыпыніла выхад
Ужо 2 недзяржаўныя газеты з пачатку 2009 года прыпынілі выхад з фінанасавых прычын, абумоўленых праблемамі з распаўсюдам і друкам – да «Витебского курьера М» нядаўна дадалася газета «Товарищ».
Як паведаміў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар выдання Сяргей Вазняк, апошні перад перапынкам нумар выдання пабачыў свет 12 лютага. Прычына прыпынення выхаду газеты – кепскае фінансавае становішча, абумоўленае немагчымасцю нармальна распаўсюджвацца ўнутры краіны.
«Газета існуе на прыватныя ахвяраванні, а ў звязку з фінансавым крызісам у тых, хто нас падтрымлівае, таксама не ўсё добра», — патлумачыў Сяргей Вазняк.
Тым не менш, выданне спадзяецца хутка аднавіць выхад. «Рэдакцыя працягвае працаваць. Напрыклад, літаральна ўчора ўвечары ў мяне была 3-гадзінная “прамая лінія” з чытачамі ў Полацку. Так што пакуль мы назапашваем матэрыял», — зазначыў галоўны рэдактар.
З 2006 года з газетай «Товарищ», як і з шэрагам іншых газет, прадпрыемствы-манапалісты «Белпошта» і «Саюздрук» скасавалі з выданнем дамовы аб супрацоўніцтве. Паколькі ў 2005 годзе беларускія друкарні адмовіліся друкаваць газету, ужо амаль 4 гады выданне вымушана друкавацца ў Смаленску.
У аналагічнай сітуацыі была недзяржаўная газета «Витебский курьер М». З пачатку 2009 года яна прыпыніла выхад.