Праваабаронцу забаранілі праводзіць пікет у Дзень беларускай міліцыі
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў атрымаў пісьмовую адмову з гарвыканкама на правядзенне пікету супраць парушэння правоў грамадзян супрацоўнікамі міліцыі.
Праваабаронца падаваў заяўку на правядзенне пікету 4-га сакавіка, плануючы прымеркаваць яго да Дня беларускай міліцыі, перадае «Радыё Свабода».
Па словах Паўла Левінава, прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта ў Віцебскай вобласці, ён збіраўся правесці акцыю з мэтай прыцягнуць увагу да выпадкаў парушэння супрацоўнікамі міліцыі правоў грамадзян, у тым ліку жыхароў Віцебску. Аб гэтым ён і паведаміў у сваёй заяўцы ў гарвыканкам.
Адмоўны адказ праваабаронцу падпісаў першы намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканкама Ўладзімір Каташук. У адмове напісана, што пікет Левінава нібы «перашкаджаў бы руху мінакоў каля Летняга амфітэатра», таму акцыю забараняюць. У якасці іншай прычыны для забароны Каташук нагадвае, што гарвыканкам не дазваляе праводзіць масавыя акцыі ў цэнтры Віцебску – для гэтага гарадской адміністрацыяй адмыслова прадугледжаныя наступныя месцы: загарадны парк «Мазурына», Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў на ўскраіне горада і Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ, які жыхары Віцебску збольшага проста абыходзіць бокам, паколькі ён не добраўпарадкаваны і стаў прыстанкам для п'яніц.
Павел Левінаў лічыць, што ў гэтых малалюдных месцах праводзіць грамадскія акцыі немэтазгодна. І таму ўжо пяць разоў спрабаваў прыцягнуць да суду адказных асоб, якія забаранялі яму праводзіць пікеты ў цэнтры горада. Пакуль што апратэставаць рашэнне гарадскіх чыноўнікаў яму не атрымлівалася, але ён і ў шосты раз звярнуўся ў суд, каб апратэставаць забарону на правядзенне пікету аб злоўжываннях і парушэннях у дзеяннях міліцыі.