Адбыўся ўстаноўчы сход "Нашай Вясны"
У нядзелю, 29 сакавіка на сядзібе Партыі БНФ у Менску адбыўся устаноўчы сход заснавальнікаў грамадскага праваабарончага аб’яднаньня "Наша Вясна". На сходзе "Нашай Вясны" прысутнічалі праваабаронцы, юрысты, грамадскія актывісты: усяго 82 прадстаўнікі з ўсіх рэгіёнаў Беларусі, якія вырашылі стаць сузаснавальнікамі праваабарончай арганізацыі.
Удзельнікі сходу прагалавалі за стварэньне праваабарончай арганізацыі, за яе статут і праграму. Былі таксама абраныя кіручыя органы - Рада ў складзе пяці чалавек, старшыня аб’яднаньня і Рэвізійная камісія.
Абраны старшыня Алесь Бяляцкі паведаміў, што "мы зусім не партызаны, а дзейнасьць грамадскага праваабарончага аб’яднаньня адкрытая і галосная. Мы увесь час паведамляем пра сваю дзейнасьць сродкам масавай інфармацыі, і не маем аніякіх сакрэтаў.”
“Зараз, -- паведаміў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, -- мы будзем спадзявацца на міжнародную падтрымку, якая даволі выразна аказвалася зусім нядаўна, пад час папярэдняй спробы рэгістрацыі.
Нагадаем, што гэта трэцяя спроба зарэгістраваць праваабарончае аб’яднаньне. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе, прычым апошняя адмова на рэгістрацыю была атрыманая 26 лютага бягучага года. Зараз праваабаронцы аспрэчваюць гэтае рашэньне ў Вярхоўным Судзе.
Падаючы зараз дакументы ў Міністэрства юстыцыі, заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” заклікаюць улады Рэспублікі Беларусь выконваць канстытуцыйныя правы грамадзянаў краіны, а таксама свае міжнародныя абавязацельствы.