viasna on patreon

Шылу вінавацяць у дыскрэдытацыі войска

2009 2009-03-30T15:44:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fota2_090219.jpg

Франак Вячорка, Зьміцер Хведарук і Іван Шыла, якіх гвалтоўна без адпаведнага мэдычнага абсьледаваньня забралі ў войска, маюць праблемы са здароўем. Франак і Іван сталі героямі абразьлівых фэльетонаў адразу ў двух выданьнях — “Советская Белоруссія” і “Белорусская военная газета”. Тым часам камандаваньне вайсковай часткі пагражае Івану Шылу крымінальнай справай за абразу войска. Падставай сталі публікацыі ў інтэрнэце пра вайсковыя будні.
 Пагрозы з боку камандаваньня вайсковай частцы, дзе служыць Іван, аб тым, што маладафронтаўца прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за дыскрэдытацыю войска, бацька Івана Ўладзімер Шыла ўспрыняў з абурэньнем.

“Сабралася ўсё камандаваньне часткі і вось пагражаюць крымінальным перасьледам за тое, што ён дыскрэдытуе беларускае войска разам з Франкам Вячоркам. Быў артыкул на гэтую тэму ў “Военной газете”. Іван кажа, што гэта, відаць, ідзе зьверху. На яго і Франка вельмі моцна ціснуць, каб яны папросту замаўчалі.

Абяцаюць Івану і гаўптвахту, што ён будзе капаць акопы і закопваць, што будзе вельмі не салодка”.

Уладзімер Шыла непакоіцца, што ягонаму сыну не дадуць магчымасьці здаць экзамэн, каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Івана адлічылі са школы напярэдадні апошняга экзамэну. Уладзімеру Шылу адказалі, што ў чэрвені яго сына могуць адпусьціць на тры дні ў Салігорск, але пры ўмове, што ён ня будзе мець спагнаньняў і лічыцца адным з найлепшых салдатаў.

Нагадаем: Івана затрымалі 30 студзеня дома і ўначы адвезьлі ў Менск у ваенкамат Партызанскага раёну. Там Іван прастудзіўся. У частцы пасьля прыняцьця прысягі ён трапіў у шпіталь. Ангіна дала ўскладненьне — атыт. Але хлопца не адвезьлі ў Менск, а лячылі пігулкамі.

Паколькі Іван дагэтуль не паправіўся, 30 сакавіка яго прывязуць зь Лепеля ў Менск на кансультацыю. Хлопцу паведамілі, што ў той жа дзень яго павязуць у частку.

Паплечніка Івана Зьмітра Хведарука ўжо прывозілі на кансультацыю з Жодзіна. Хлопцу ў той жа месяц, як ён прыняў прысягу, зрабілі апэрацыю на венах. Цяпер Зьмітру абсьледавалі сэрца і галаву.

Зьміцер Хведарук: “Ніякіх канфліктаў у калектыве ня маю. Нягледзячы на тое, што ў нядзелю ў нас выходны, усё роўна не хапае часу, каб маліцца і чытаць “Біблію”. Калі выпадае вольная хвілінка, то альбо прыводзяць у пакой інфармацыі і адпачынку ды чытаюць нейкія лекцыі, альбо прыцягваюць да нейкай працы.

Пасьля таго як мая маці на радыё “Свабода” паведаміла, што я скардзіўся на кепскае харчаваньне, карміць сталі лепей. Пачалі нават выдаваць іншыя сталовыя прыборы — відэльцы і нажы“.

Франка Вячорку павіншавалі з Днём народзінаў. 26 сакавіка яму споўніўся 21 год. 24 сакавіка Франак быў на судзе, дзе яму адмовілі ў заяве на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыву, якімі кіравалі людзі ў цывільным. У судовай справе быў Франкаў эпікрыз абсьледаваньня ў 10-ым клінічным шпіталі Менску. Вайсковы мэдык у судзе заявіў, што згодна з дыягназам Вячорка не прыдатны да службы ў войску. І адразу ж дадаў, што ў вайсковым шпіталі такое абсьледаваньне ня робіцца.

Паплечніца Франка Кацярына Маркоўская: “Павіншавалі яго ў клясычнай, але для сучаснай моладзі нестандартнай форме. Даслалі яму каля 50 папяровых лістоў і паштовак, у якіх розныя людзі напісалі яму цёплыя словы віншаваньня, падтрымкі, удзячнасьці. Падпісаліся таксама некаторыя лідэры моладзевых арганізацый.

Сябры Франка прачыталі артыкулы пра хлопцаў у дзяржаўных газэтах «Белорусская военная газета»і «Советская Белоруссия”: “Улады самі сабе зрабілі такую праблему, узяўшы ў войска людзей творчых, людзей, якія ня будуць маўчаць пра тое, што адбываецца зь імі і вакол іх.

Цяпер яны набылі сабе дадатковую праблему ў выглядзе гэтых дзёньнікаў, якія зьявіліся пасьля таго як трапілі ў войска Шыла і Вячорка. І цяпер самі ж з гэтай праблемай змагаюцца вымовамі і забаронай карыстацца мабільным тэлефонам“.

Сябры Зьмітра Хведарука, Івана Шылы і Франка Вячоркі зьбіраюцца наведаюць іх у першыя выходныя красавіка, калі скончыцца карантын.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства