Праваабаронцу Леаніда Свеціка абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага Кодэкса
Віцебскаму праваабаронцу Леаніду Свеціку 31 сакавіка прад’яўленае абвінавачваньне адразу па двух артыкулах Крымінальнага Кодэкса: яго падазраюць у распальваньні міжнацыянальнай і расавай варажнечы (арт.131 КК) і паклёпе на Прэзідэнта краіны (ч. 2 арт. 367 КК). Папярэдняе следства праводзіў следчы УКДБ па Віцебскай вобласці.
Нагадаем, што раней Свеціка падазравалі ў здзяйсненьні злачынства па арт. 131, але затым следчыя дзеяньні былі прыпыненыя. Зусім нядаўна, у сакавіку, следства было адноўленае і сёньня было прад’яўлена абвінавачваньне.
У Леаніда Свеціка ўзялі падпіску аб нявыездзе. На гэтым тыдні ён разам з адвакатам пачне вывучаць матэрыялы па прад’яўленаму абвінавачваньню.
Леанід Свецік з'яўляецца сузаснавальнікам грамадскага праваабарончага аб'яднаньня "Наша Вясна".