Сябры АГП будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці за акцыю пратэсту ў Ваўкавыску
Пра гэта заявілі супрацоўнікі Ваўкавыскага раённага аддзелу міліцыі, куды 30 жніўня былі дастаўленыя старшыня пярвічнай Ваўкавыскай арганізацыі АГП Аляксандр Барадаўкін і сябра партыі Віталь Гуляеў.
Як паведаміла прэс-служба АГП, 27 жніўня актывісты партыі правялі акцыю пратэсту супраць умяшальніцтва беларускіх уладаў у справы грамадзкай арганізацыі “Саюз палякаў на Беларусі”. За некалькі дзён да правядзеньня зьезду жыхары Ваўкавыску атрымалі ўлёткі з аналізам сітуацыі вакол Саюзу палякаў і храналогіяй разьвіцьця канфлікту паміж гэтай арганізацыяй і беларускімі ўладамі.
Акцыя з удзелам актывістаў мясцовай арганізацыі АГП пачалася ў 9 гадзінаў раніцы 27 жніўня з пачаткам рэгістрацыі дэлегатаў зьезду. Маладыя людзі з чорнымі павязкамі талі ў шэраг насупраць раённага дому культуры г. Ваўкавыску, дзе праходзіў зьезд. Чорныя павязкі сімвалізавалі “пахаваньне” незалежнасьці “Саюзу палякаў на Беларусі”.
Аляксандр Барадаўкін і Віталь Гуляеў атрымалі позвы з патрабаваньнем з’явіцца 31 верасьня ў 9 гадзінаў раніцы ў суд. Прадстаўнікі праваахоўных органаў патлумачылі, што перад судом паўстануць усе ўдзельнікі акцыію. Па іх словах, яны маюць відэастужку з кадрамі, дзе актывісты АГП “заклікаюць да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу”.