viasna on patreon

Моладзевых лідэраў Івана Шылу і Андрэя Кіма ўзнагародзілі Ордэнамі Свабоды

2009 2009-04-29T17:16:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/orden_svabody_imia_kalinouskaga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

C 24 па 28 красавіка ў Страсбурзе прайшоў Другі кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША. Сёлета ён насіў назву «Форум новых беларускіх лідэраў: Пакаленне Адраджэння» і быў арыентаваны на адносіны Беларусі і Еўрапейскага Звяза, а таксама актывізацыю новага пакалення беларусаў, якія жывуць у краінах ЕЗ.

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама беларускія эксперты ў галіне палітыкі, медыя, грамадзянскай супольнасці. Сярод госцяў кангрэса былі: лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, намеснік кіраўніка Рады БНР Сяргей Навумчык, палітолагі Пётр Марцаў і Юрый Дракахруст, праваабаронцы Іна Кулей і Андрэй Кім, сустаршыня БХД Аляксей Шэін і сябар Палітрады АГП Вольга Карач.

 

Кангрэс прыняў выніковую дэкларацыю, якая змяшчае рэкамендацыі беларускім уладам і еўрапейскім структурам аб развіцці ўзаемнага супрацоўніцтва, а таксама дзве заявы, прысвечаныя: праблеме следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, а таксама ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэння аб будаўніцтве АЭС у Беларусі. Тэксты выніковых дакументаў былі прадстаўленыя еўрапейскім структурам, прадстаўнікам Беларусі пры Радзе Еўропы.

 

Падчас мерапрыемстваў ягоныя ўдзельнікі сустракаліся з прадстаўнікамі Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы, ПАРЕ, а таксама спецыялістамі ў галіне абароны правоў чалавека. 27-га красавіка ва ўрачыстых асбтавінах з удзелам дэпутата, дакладчыка ПАРЕ па Беларусі Хрыстоса Пургурыдзеса прайшла цырымонія ўручэння «Ордэна Свабоды» лепшаму моладзеваму актывісту Беларусі ў 2008 годзе. Сёлета ўзнагарода была прысуджаная моладзеваму лідэру Андрэю Кіму і лідэру салігорскага «Маладога Фронта» Івану Шыла.

 

У Моладзевым Еўрапейскім цэнтры ў Страсбурзе, дзе праходзіў Кангрэс, былі арганізаваныя выставы работ маладых фотамастакоў Беларусі «Маладое прэс-фота Беларусі», а таксама беларускай мастачкі, дочкі зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Валерыі Красоўскай, паведамляе Хартыя-97

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства