ЛІДЭРЫ ЭВАНГЕЛЬСКІХ АБ’ЯДНАНЬНЯЎ ВЫКАЗВАЮЦЬ ЗАНЕПАКОЕНАСЬЦЬ У СУВЯЗІ З ПАДРЫХТОЎКАЙ ДА ПАДПІСАНЬНЯ ПАГАДНЕНЬНЯ ПАМІЖ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВОЙ І ДЗЯРЖАВАЙ
29 студзеня лідэры Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў (т. (017) 253 92
67), Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай (т (017) 219 00 94), Аб'яднаньня
абшчынаў хрысьціян поўнага Эвангельля (т. (017) 278 10 72) выступілі з
адкрытай заявай у сувязі з падрыхтоўкай да падпісаньня пагадненьня паміж
праваслаўнай царквой і дзяржавай.
Адкрытая заява
Як вядома, цяперашнім часам рыхтуецца падпісаньне пагадненьня паміж
Беларускай праваслаўнай царквой і дзяржавай. Артыкул 8 Закону “Аб свабодзе
сумленьня й рэлігійных арганізацыях”, што нядаўна ўступіў у сілу,
прадугледжвае магчымасьць складаньня такіх пагадненьняў.
Зьмест і прадмет названага пагадненьня шырокай грамадзкасьці не вядомыя. Але
некаторыя тэндэнцыі, што зьявіліся апошнім часам і, як мы мяркуем зьвязаныя
з падпісаньнем гэтага дакуманту, выклікюць ў нас трывогу й сур’ёзныя
засьцярогі. Ужо зараз здараецца, што нашым рэлігійным арганізацыям – саюзам,
памесным цэрквам адмаўляюць у наладжваньні духовай апекі над грамадзянамі,
якія знаходзяцца ў выпраўленчых установах, вайсковых частках, дамах
састарэлых ды іншых інстытуцыях. Як вядома са сродкаў масавай інфармацыі,
старшыня Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко
сьцьвярджае, што “права на складаньне пагадненьня зь дзяржавай мае любая з
канфэсіяў, што зьяўляюцца традыцыйнымі для Беларусі”. Традыцыйнымі
дзяржаўныя органы лічаць тыя канфэсіі, якія пералічаны ў прэамбуле названага
закону. Таму ёсьць усе падставы меркаваць, што доступ да розных інстанцыяў
будуць мець толькі афіцыйна “традыцыйныя” канфэсіі, зь якімі маюцца
пагадненьні. У выніку грамадзяне, якія адносяцца да пратэстанцкага
эвангельскага веравызнаньня і, напрыклад, праходзяць службу ў войску, будуць
пазбаўленыя магчымасьці мець духовую апеку й падтрымку. Побач з гэтым трэба
адзначыць, што дзейнае заканадаўства не дае азначэньня традыцыйнай канфэсіі.
Пратэстанцкая эвангельская канфэсія традыцыйная для Беларусі, пра гэта
сьведчыць шмат гістарычных фактаў. Таму мы маем намер разглядзець пытаньне
пра зварот да нашых дзяржаўных органаў з прапановай заключыць аналягічнае
пагадненьне. Мяркуем, што праца ў межах такого пагадненьня паспрыяе
захаваньню балянсу й стабільнасьці ў нашым грамадзтве і будзе карыснай для
нашых грамадзянаў і дзяржавы ў цэлым.
Япіскап Саюзу Эвангельскіх Хрысьціян-Баптыстаў у
Рэспубліцы Беларусі
Н.В.Сінкавец
Япіскап Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай
у Рэспубліцы Беларусі
С.С.Хоміч
Прэзыдэнт Аб'яднаньня Абшчынаў Хрысьціян
Поўнага Эвангельля
ў Рэспубліцы Беларусі
А.В.Саковіч