Фотаздымкі і карыкатуры нядбайнікаў вешаюць нават у сталоўках
Генеральная пракуратура дазволіла міліцыі і сельсаветам паўсюль размяшчаць абвесткі пра нядобрасумленных бацькоў
Фотаздымкі з нядбайнікамі ўжо вывешаныя ў Пружанскім, Пінскім, Крупскім, Маларыцкім і Бабруйскім раёнах. Рашэнні ўсталяваць “дошкі ганьбы” прымалі раённыя саветы дэпутатаў. А Генеральная пракуратура дала на гэта афіцыйны дазвол.
“Мы шукаем новыя магчымасці ў правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў у адносінах да абавязаных асобаў, — паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. — Больш поўна рэалізуем палажэнні Дэкрэта прэзідэнта №18. Абвесткі з “нядбайнікамі” крытыкуюць іх асацыяльныя паводзіны, ўтрымліваюць фотаздымкі абавязаных асобаў і карыкатурныя замалёўкі”.
Вывешваюцца абвесткі на тэрыторыях прадпрыемстваў, у грамадскім транспарце, на аўтобусных прыпынках і нават у сталоўках.
“А таксама фотаздымкі абавязаных асобаў з назвай “Не прадаваць” размяшчаюцца ва ўсіх гандлёвых аб’ектах, дзе рэалізуюцца спіртныя напоі, — расказвае начальнік аддзела аховы правапарадку Пінскага РАУС Міхаіл Лемяшэўскі. — Мэта — забарона продажу гэтым асобам алкаголю, а таксама боязь іншых людзей купляць абавязаным асобам спіртныя напоі”.
Еўрарадыё: “Ці шмат у вас такіх асоб?”
Міхаіл Лемяшэўскі: “Больш за сто чалавек на тэрыторыі Пінскага раёна”.
Міліцыянер расказаў і пра тое, што абвесткі павінны навучыць звычайных людзей ставіцца да нядбайнікаў нецярпіма.
“Такія спісы мы размяшчаем ва ўсіх месцах масавага прабывання грамадзян, — працягвае Міхаіл Лемяшэўскі. — Асноўная мэта — стварэнне ў грамадстве пачуцця нецярпімасці да гэтай катэгорыі грамадзян. Яны адмовіліся ад дзяцей, злоўжываюць спіртнымі напоямі, а дзеці знаходзяцца на ўтрыманні ў дзяржаўных установах. Атрымоўваецца, мы ўсе плацім за гэтых асобаў. А яны займаюцца п’янствам”.
Дарэчы, гэтыя аб’явы бачаць дзеці, на якіх нядбайнікі яшчэ не пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.
У Пінскім РАУС для барацьбы з нядобрасумленнымі бацькамі ўжываюць і іншыя арыгінальныя меры. Участковы міліцыянер Мікалай Чачун расказвае пра “п’яны аўтобус”, на якім нядбайнікаў развозяць раніцамі па працах.
“Так, сапраўды такое было. Пінскі РАУС шчыльна ўзаемадзейнічае з арганізацыямі, якія выдзяляюць транспарт для збору гэтых асобаў і дастаўкі іх на працу”.