У Страсбургу ў рамках сесіі Парламэнцкай асамблеі Рады Эўропы адбылося пасяджэньне адмысловай камісіі ў справе зьніклых апазыцыянераў, у якім бралі ўдзел Вольга Захаранка, Людміла Карпенка, Ірына Красоўская, былы начальнік менскага СІЗА-1 Алег Алкаеў, былы кіраўнік КНГ АБСЭ Ханс Георг Вік, а таксама намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі з Палаты прадстаўнікоў Нацсходу РБ на пасяджэньне не зьявіліся (Радыё Рацыя)
Аляксандар Дашчынскі, RR
Нагадаю, што ачольвае камісію ў справе зьніклых вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. Цягам трох месяцаў ён так і не атрымаў адказу ад беларускіх уладаў на запыт, дасланы ў праваахоўныя органы Беларусі. "Адсутнасьць адказу - гэта таксама адказ, -" адзначыў спадар Кавалёў у сваім выступе.
Прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі з Палаты прадстаўнікоў Нацсходу РБ на пасяджэньне не зьявіліся. Не ўнесла яснасьці і папярэдняя сустрэча Сяргея Кавалёва з дэпутатам Леанідам Глухоўскім. Між іншым Менская гарадская пракуратура прыпыніла расьследаваньне спраў зьніклых палітыкаў.
Сябры камісіі намерваюцца зноў зьвярнуцца да беларускіх уладаў і напісаць ліст непасрэдна да прэзыдэнта Лукашэнкі. Камісія будзе працягваць сваё расьследаваньне справаў зьніклых і на наступныя паседжаньні яна мяркуе запрасіць сьледчых Случака і Петрушкевіча, якія цяпер жывуць у ЗША, а таксама сьведкаў Угляніцу і Жарнасек, якія знаходзяцца ў Нарвэгіі.
Мы патэлефанавалі ў Страсбург Ірыне Красоўскай пасьля прэс-канферэнцыі, якую ўдзельнікі паседжаньня камісіі правялі ў Страсбургу.
І.К. - Вельмі важна, што гэтая камісія створана, што ёсьць столькі людзей, якія цікавяцца сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і менавіта зьнікненьнем людзей. Само стварэньне камісіі - гэта першы крок да развіцьця дэмакратыі ў нашай краіне. Вынікі працы камісіі могуць зьмяніць увогуле сітуацыю ў Беларусі.
У той жа дзень Іына Красоўская і іншыя прадстаўнікі беларускай дэлегацыі правялі сустрэчу з Генеральным сакратаром Рады Эўропы Швімерам.