У Менск едзе міжнародная журналісцкая місія
У другой палове верасня ў Менск мае прыехаць група прадстаўнікоў міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый.
Пра гэта паведаміла старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна на нарадзе Праўлення арганізацыі 25 жніўня.
Візіт адбудзецца пад эгідай Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца ГА «БАЖ». Мэта візіту — вывучэнне бягучай сітуацыі са СМІ і свабодай слова. Шэрагу афіцыйных асобаў, чыя дзейнасць звязаная з медыясферай, МФЖ ужо накіравала лісты з прапановай аб сустрэчы.
Сябры Праўлення канстатавалі, што палёгкі для недзяржаўных СМІ ўлетку не адбылося. Нягледзячы на пэўныя аптымістычныя прагнозы ў звязку са зваротам грамадскай каардынацыйнай Рады па СМІ да дзяржаўных распаўсюднікаў, сітуацыя змянілася да лепшага толькі для адной газеты — у продаж вярнулі толькі «Бобруйский курьер». Для 12-і астатніх выданняў нічога пакуль не змянілася.
Сярод адмоўных тэндэнцый, якія захоўваюцца і нават мацнеюць, — пераслед калег, што працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ, і рэгулярныя адмовы органаў улады (асабліва мясцовай) у акрэдытацыі і доступе журналістаў да інфармацыі. Напрыклад, пасля ўступлення ў сілу новага закона «Аб СМІ» органы пракуратуры вынеслі ўжо 11 папярэджанняў журналістам за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі.
Сябры Праўлення абмеркавалі варыянты правядзення грамадскіх кампаній, якія надалі б праблеме публічнасць і маглі паўплываць на яе вырашэнне. Магчыма, найбліжэйшым часам будуць падрыхтаваныя адкрытыя лісты на адрас чыноўнікаў, чые ведамствы рэгулярна парушаюць правы журналістаў і СМІ.
Сярод станоўчых зменаў — рэгістрацыя шэрагу новых друкаваных выданняў. «Але варта адзначыць, што ініцыятарамі рэгістрацыі СМІ выступаюць ў асноўным грамадскія актывісты. Прафесійных журналістаў сярод іх няшмат», — заўважыла Жанна Літвіна. Па яе словах, Цэнтр прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» зараз рыхтуе брашуру-дапаможнік, дзе ў форме пытанняў і адказаў будзе пададзена ўся неабходная інфармацыя датычна рэгістрацыі перыядычных выданняў.