Перманентны «Працэс 14-ці»
Лідскі актывіст «Маладога фронту» Вадзім Бароўскі атрымаў позву на паседжанне адміністрацыйнай камісіі, якое адбываецца сёння, па справе распаўсюджвання партрэтаў палітвязня Арцёма Дубскага.
Месяц таму, 27 ліпеня, у Лідзе ў раёне чыгуначнага вакзалу супрацоўнікі міліцыі затрымалі Вадзіма Бароўскага і Кастуся Літвінскага. Моладзевыя актывісты разляплялі інфармацыйныя ўлёткі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў адвезлі актывістаў «Маладога фронту» у раённы аддзел міліцыі.
7 ліпеня ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў асуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правіл аб адбыванні пакарання па «справе 14-ці». «Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Мінску ў студзені 2008 году.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевым актывістам былі прысуджаныя розныя тэрміны пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 году прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» вязнямі сумлення, паведамляе гарадзенскі Твой Стыль