Суд спыніў справу Андрэя Кашэўскага са Смалявічаў
У судзе Смалявіцкага раёну адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да жыхара Смалявічаў Андрэя Кашэўскага, якога перасьледвалі за вывешванне на даху ўласнай хаты бел-чырвона-белага сцягу. Пачатак судовага разгляду па абвінавачанню ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП адбыўся 17 жніўня. Суддзя пастанавіў перанесьці паседжанне і выклікаць позваю ў суд бацьку.
Спачатку да маладога чалавека прыйшлі прадстаўнікі райвыканкаму і папрасілі зняць сцяг, таму што ён “псуе архітэктурны выгляд гораду”. Затым хату наведалі супрацоўнікі міліцыі, самастойна знялі і знішчылі сцяг. Пратакол адабрання ніхто не складаў, затое быў складзены пратакол пра дробнае хуліганства, у якім паказана, што Андрэй Кашэўскі нецэнзурна выказваўся.
Сёння ў судзе Смалявіцкага раёну суддзя Алена Міснік разглядзела адміністратыўную справу ў дачыненні да маладога чалавека.
У якасці сведкі была апытаная маці Андрэя Кашэўскага Валянціна Антонаўна. Назіральнікі БХК, якія прысутнічалі на паседжанні, адзначаюць: суддзя растлумачыла сведцы толькі права не сведчыць супраць сябе самой і членаў сваёй сям’і (пры тым, што сведка мае значна больш правоў). У той самы час адметна і тое, што, растлумачваючы Валянціне Антонаўне гэта яе права, суддзя спаслалася на артыкул 27 Канстытуцыі.
Па выніках разгляду справы суддзя вынесла пастанову аб спыненні адміністратыўнай вытворчасці ў дачыненні да Андрэя Кашэўскага ў сувязі з адсутнасцю складу адміністратыўнага правапарушэння.