У Шчучыне сход не дазволілі
Намеснік старшыні райвыканкама тлумачыць забарону тым, што пададзеныя ў заяве звесткі не адпавядаюць заканадаўству.
На думку намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкаму спадара Вількевіча, звесткі, пададзеныя ў звароце не адпавядаюць частцы 5 артыкула 5 Закона "Аб масавых мерапрыемствах".
Такі адказ ніяк нельга назваць канкрэтным і вычарпальным, бо пятая частка ўзгаданага артыкула Закону змяшчае велізарны спіс звестак і патрабаванняў.
Заяўнік сходу ў Шчучыне сябра Рады Руху "За Свабоду" Алесь Зарэмбюк падазрае, што чыноўнікі прычапіліся да таго, што не было афіцыйнага пацверджання ягоных паўнамоцтваў.
− На маю, думку калі б Шчучынскі райвыканкам спрыяў выкананню Канстытуцыі і не быў супраць правядзення сходу на тэрыторыі раёну, чыноўнікі маглі б паклікаць мяне на размову і ўказаць на недакладнасці, якія ёсць у заяве, даць магчымасць іх выправіць. Зараз, я выправіў хібы якія, на маю думку, былі дапушчаны ў папярэдняй заяве і ўсё-такі спадзяюся атрымаць станоўчае рашэнне шчучынскіх уладаў, − кажа Алесь Зарэмбюк.
Нагадаем, мясцовыя ўлады не даюць дазволаў на правядзенне сходаў па вылучэнню дэлегатаў на Беларускі Еўрапейскі Форум у вялізных памяшканнях і залах грамадскіх будынкаў па ўсёй Беларусі. Сходы даводзіцца ладзіць у прыватных сядзібах, офісах грамадскіх арганізацый, нават у кватэрах, на падворках і ў парках.