viasna on patreon

Сталіца — у нацыянальных сьцягах

2009 2009-10-30T09:07:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sciahi_u_mensku.jpg
Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Уздоўж праспэкту Незалежнасьці ў Менску ад будынку Нацыянальнай бібліятэкі да Батанічнага саду ў чацьвер увечары былі вывешаныя дзясяткі нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў.

На кожным слупе былі замацаваныя па два сьцягі. Міліцыянты заўважылі сьцягі толькі праз хвілінаў 20. Людзі на прыпынках, студэнты з вокнаў інтэрнатаў фатаграфавалі бел-чырвона-белы праспэкт мабільнымі тэлефонамі. Людзі абмяркоўвалі гэта на прыпынках. Мінакі пыталіся адзін у аднаго, чаму ў горадзе столькі сьцягоў.

Калі міліцыянты пачалі здымаць сьцягі, падсаджваючы адзін аднаго, кіроўцы аўтамабіляў ім сыгналілі. Некалькі маладых людзей праз адчыненыя вокны аўтамабіля пачалі сьвістаць.

Міліцыянты затрымалі некалькіх чалавек каля парку Чалюскінцаў. Яны патлумачылі, што ім гэта неабходна для разбору.

Сярод затрыманых — фотакарэспандэнты Ўладзь Грыдзін і Юлія Дарашкевіч і два актывісты кампаніі "Эўрапейская Беларусь". Таксама затрымалі двух відавочцаў, якія здымалі сьцягі на свае мабільныя тэлефоны. Іх затрымалі ў міліцыі мэтрапалітэну.


21:35 Супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну Менску сталі на ганку Ўправы ўнутраных спраў. Яны не прапускаюць усярэдзіну людзей, не даюць ніякай інфармацыі аб затрыманых. На пытаньне, як доўга яны зьбіраюцца трымаць журналістаў, міліцыянты адказалі — столькі, колькі палічаць патрэбным. Назіральнікі лічаць, што, хутчэй за ўсё, ад журналістаў патрабуюць аддаць флэш-карты, каб зьнішчыць здымкі сьцягоў, вывешаных на праспэкце Незалежнасьці.

22:00 Стала вядома, што пры затрыманьні быў моцна зьбіты фотакарэспандэнт Уладзь Грыдзін. Ён пасьпеў паведаміць нашаму радыё, што міліцыянты адмовіліся назваць яму свае прозьвішчы. Але вядомыя іх твары і званьні — адзін зь іх прапаршчык, а другі сяржант. Таму журналіст зьбіраецца падаваць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Міліцыянты й надалей не пускаюць нікога ў пастарунак: ні журналістаў, ні сваякоў затрыманых, нават бацькоў. Пад дзьвярыма міліцэйскай управы каля 15 чалавек. Ім не даюць ніякай інфармацыі.

23:10 Выпусьцілі фатакора Ўладзю Грыдзіна. Яго пратрымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны. Ён паведаміў, што міліцыянты правялі асабісты надгляд кожнага затрыманага, але не складалі пратаколаў надгляду. Было відавочна, што міліцыянты чакалі, які загад дасьць вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва. Грыдзін паведаміў, што падасьць скаргу на супрацоўнікаў міліцыі, якія зьбілі яго пры затрыманьні й па дарозе ў пастарунак.

23:25 Адпусьцілі Юлію Дарашкевіч.

Затрыманых Галіну Пярвушыну, Насту Аскерку, Паўла Ладуцьку адвезьлі ў спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.

Раніцай 30 кастрычніка іх будуць судзіць у судзе Першамайскага раёну сталіцы (вул. Талбухіна, 9) па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства