Падаткавікі патрабуюць ад Артура Фінькевіча справаздачу за 18 млн. рублёў
Справаздачу аб перавышэнні расходаў над даходамі на 18 млн. рублёў патрабуе ад кіраўніка аргкамітэта па стварэнні руху "Маладая Беларусь" Артура Фінькевіча падатковая інспекцыя Заводскага раёна Мінска.
Як паведаміў БелаПАН Фінькевіч, 27 лістапада ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і міліцыі. Актывіста адвезлі ў падатковую інспекцыю, дзе, паводле яго слоў, пратрымалі амаль гадзіну.
Яму заявілі, што за апошнія пяць гадоў у яго налічылі расходаў на 20 млн. рублёў, а даходаў менш за мільён. Расходамі палічылі аплату мабільнага тэлефона, набыццё камп'ютэра і машыны. Ад Фінькевіча патрабуюць, каб ён на працягу месяца ці выплаціў падатак больш за 2 млн рублёў, ці прадставіў дакументы аб паходжанні грошай.
Таксама супрацоўнікі КДБ паабяцалі Артуру Фінькевічу, што праз шэсць месяцаў, калі з яго будзе знятая судзімасць, ён пойдзе ў войска.
Нагадаем, у 2006 годзе актывіст быў прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі за нанясенне на сцяну надпісу "Мы хочам новага!", а ў снежні 2007 года — да паўтара года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму за ўхіленне ад адбыцця пакарання. У лютым 2008-га Фінькевіч быў адпушчаны на волю пасля разгляду касацыйнай скаргі.