У псыхушку пад прымусам
Калінкавіцкая міліцыя прымусова завезла мясцовага прадпрымальніка й праваабаронцу Віктара Чабатарова на экспэртызу ў рэспубліканскі псыхіятрычны шпіталь у Навінках.
Сын прадпрымальніка апавёў: “Бацьку затрымалі ўчора дарожныя патрулі кілямэтраў за 15 да Гомеля. Ён сам ехаў у абласны шпіталь на прыватным легкавіку, каб прайсьці незалежную псыхалягічную экспэртызу. На шашы яго трымалі каля дзьвюх гадзінаў, ажно пакуль не прыехалі калінкавіцкія міліцыянты. Тыя й адканваявалі бацьку ў Калінкавічы ў міліцыю, а адтуль — у Менск. Ніхто са сваякоў ня ведаў пра такі прымус”.
У траўні на падставе звароту пракурора Сяргея Ярмоленкі судзьдзя Калінкавіцкага раённага суду Людміла Савасьцянава пастанавіла накіраваць Віктара Чабатарова на судова-псыхіятрычную экспэртызу.
Cпадар Чабатароў даставіў мясцовым супрацоўнікам праваахоўных органаў нямала турботаў. Будучы кансультантам, ён дамагаўся адмены выракаў калінкавіцкай Фэміды нават па крымінальных справах.
На адным з працэсаў ён патрабаваў накіраваць мясцовых юрыстаў на псыхіятрычную экспэртызу. У выніку ў шпіталь прымусова адвезьлі яго самога, каб высьветліць, ці здольны ён самастойна абараняць свае правы й законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе.
Раней Віктар Чабатароў быў індывідуальным прадпрымальнікам. Цяпер ачольвае прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства “Эпіктэт”. Нядаўна ён дамогся адмены адміністрацыйнага штрафу, накладзенага Мазырскай мытняй, за ўвоз яшчэ ў 2006 годзе дрэваапрацоўчага абсталяваньня. І паколькі лічыць, што пры вынясеньні супраць яго пастановы мытнікі ўчынілі самаўпраўства, абразілі ягоныя гонар і годнасьць, то вырашыў праз суд спагнаць зь іх 5 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.