З Беларусі высылаюць трох польскіх ксяндзоў
Святары павінны выехаць з Беларусі да канца года, таму што з імі не былі падоўжаныя кантракты.
Як паведамляе «Польскае радыё» са спасылкай на «Gazeta Wyborcza», афіцыйнай прычынай «ссылкі» стала тое, што святары праводзілі службы на польскай мове.
«Чыноўнікам не спадабалася, што я праводжу службу па-польску», - пракаментаваў высыланне ксёндз Ян Банькоўскі.
З дваццаці гадоў Ян Банькоўскі працаваў у каталіцкім прыходзе ў Міжэрычах. Яго і двух святароў з Волпы і Індуры забавязалі вярнуцца ў Польшчу да 31 снежня.
Пасля таго, як у справу ўмяшаўся гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, святарам дазволілі прасіць новы дазвол на працу. Але ўжо з тэрыторыі Польшчы.
«Беларускія ўлады параілі нам выехаць у Польшчу і адтуль паўторна падаць заяву аб дазволе на працу. Гэта адзіная саступка пасля ўмяшання біскупа. Але я лічу, што гэта нічога не дасць», -- кажа Банькоўскі.
Колькасць польскіх святароў у Беларусі, дзе жывуць каля 400 тысячаў беларускіх палякаў, увесь час змяншаецца. З 2007 года іх колькасць зменшылася на 20 чалавек. Былы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Касінец заявіў два гады таму, што ў хуткім часе ў Беларусі зусім не застанецца польскіх святароў.