«Грамадзянская супольнасьць - 2009»: Асамблея НДА Беларусі ўзнагародзіла выбітных актывістаў
Прадстаўнікі найбольш заўважных у 2009 годзе грамадзкіх ініцыятываў атрымалі сымбалічныя ўзнагароды ад Асамблеі Няўрадавых Дэмакратычных Араганізацыяў. Сярод ляўрэатаў – БХК, праваабарончы цэнтар «Вясна», прадстаўнікі суполкі «Жжысты - Кобрынскаму дзіцячаму дому», Незарэгістраваная арганізацыя Дзядоў Марозаў і Сьнягурак ды інш. Антыгероем імпрэзы адзінадушна быў прызнаны Мін'юст, які цалкам заслужана стаў пераможцам намінацыі «Нерэгістрацыя году». Хаця на старонках часопісу для беларускіх актывістаў «Асамблея» адзначэньне найважнейшых дасягненьняў году было ўжо даўняй традыцыяй, «жывая» (і трэба адзначыць нязмушаная і нефармальная) цырымонія ўзнагароджаньня адбылася ўпершыню.
Пераможцы намінацыяў вызначаліся сябрамі Рабочай групы Асамблеі НДА, якая складаецца з 38 прадстаўнікоў арганізацыяў з усяе Беларусі, пры ўдзеле незалежных экспэртаў. «Грамадзянскай кампаніяй - 2009» году была абвешчанаяя супольная ініцыятыва беларускіх праваабаронцаў «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі». Трэба зазначыць, што пераможцы ў гэтай намінацыі абыйшлі сур’ёзных канкурэнтаў. Напрыклад, кампанія дзеля папулярызацыі беларускай культуры “Будзьма”, кампанія за правы на свабоду асацыяцыяў “СТОП 193.1!”, “Кампанія супраць будаўніцтва АЭС”. Дыплём “Кампанія году” і віншавальныя цукеркі ад беларускіх вытворцаў былі перададзеныя прадстаўніку “Вясны” Валянціну Стэфановічу, старшыню БХК Алегу Гулаку і каардынатару ініцыятывы “За адмену сьмяротнага пакараньня” Ірыне Тоўсьцік.
Рэгіянальнай падзеяй году быў прызнаны масавы і “баявы” Форум Асамблеі НДА Магілёўскай вобласьці, які сабраў пад адным дахам больш за 80 актывістаў дэмакратычных аб’яднаньняў Магілёўшчыны. Віншаваньні ад імя магілёўцаў прымаў Віталь Васількоў.
У намінацыі «Крэатыў году» асноўнымі прэтэндэнтамі на перамогу выявіліся: Выправа Дзядоў Марозаў у пракуратуру і Бітва падушкамі ў гонар Аршанскае перамогі войскаў ВКЛ над Масковіяй, зладжаная ініцыятывай пад назвай «Ініцыятыва». Перамаглі падпольныя Дзяды Марозы і Сьнягуркі, якія дамагаюцца адмены артыкула 193.1 КК РБ.
«За дзейсную дабрыню» адзначыла Рабочая група Асамблеі групу ініцыятыўных блогераў, якія самаарганізаваліся дзеля дапамогі дзіцячаму дому.
«За чалавечнае стаўленьне да жывёлаў» была ўганараваная Кампанія ў абарону бяздомных жывёлаў, якая ладзіцца цэлым шэрагам арганізацыяў і асобаў: грамадзкімі аб'яднаньнямі «Эгіда» і «Ратаваньне», «Абаронім жыцьцё», «Заасьвет», былымі валянтэрамі «Фаўна гораду», «Ініцыятыва», «Беларуская музычная альтэрнатыва» ды інш.
Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама не застанецца без жартаўлівага дыплёму «Найбольш абсурдная адмова году». Чыноўнікі адмовілі ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі «Залаты леў», таму што «ў тэксьце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы «Залаты леў». Як адзначыла вядучая імпрэзы Алёна Валынец, «у слонімскім упраўленьні юстыцыі, відаць, ніколі ня бачылі гербу свайго гораду, дзе залаты леў прысутнічае буйным плянам!» Дыплём будзе дастаўлены на суд 29-га сьнежня, дзе прадстаўнікі «Залатога ільву» будуць аспрэчваць пастанову слонімскага ўпраўленьня юстыцыі.
Арганізатары мерапрыемства плянуюць ладзіць цырымоніі ўганараваньня найбольш актыўных дзеячаў грамадзкага сэктару штогод.
Іншыя здымкі можна паглядзець на generation.by.