Міліцыя затрымала 110 дэлегатаў ІІІ Канферэнцыі Грамадзянскай Ініцыятывы “Партнёрства”
Пра гэта паведамляе прэс-служба "Партнёрства".
29 кастрычніка ў Менску мусіла адбыцца ІІІ Канферэнцыя Грамадзянскай Ініцыятывы “Партнёрства”. Для ўдзелу ў Канферэнцыі на сходах рэгіянальных суполак “Партнёрства”былі абраныя 110 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Планавалася абмеркаваць вынікі працы арганізацыі за мінулыя два гады, абраць кіраўніцтва “Партнёрства”. Акрамя таго, у межах Канферэнцыі была зроблена другая спроба афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю. “Мы згодна з законам праводзілі Устаноўчы сход для рэгістрацыі “Партнёрства”, – заявіў старшыня сходу Мікалай Астрэйка. “Міністэрства Юстыцыі запатрабавала ад грамадзянскіх ініцыятываў зарэгістравацца згодна з законам. Калі раней нам адмаўлялі ў рэгістрацыі, дык цяпер проста разагналі сход. Відавочна, што мэта афіцыйнай улады – ліквідацыя грамадзянскай супольнасці”, - сказаў ён.