“ЭКСТЭМІСТЫ, ЭКСТРЭМІСТЫ, БЕЛАРУСКІЯ СЫНЫ...”
Намесьнік старшыні КДБ прадставіў у палатку праект Закону “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”. У першым чытаньні Закон быў прыняты. Натуральна, што беларуская грамадзянская супольнасьць даведалася пра гэта апошняй. Цікава было пазнаёміцца з гэтым “няўміручым творам”. Якія ж падставы былі для стварэньня такога закону? Бравы кэдэбіст патлумачыў гэта тым, што ў Беларусі “фармуецца тэндэнцыя распаўсюджваньня антыграмадзкіх праяваў, у тым ліку экстрэмісцкага характару, у дзейнасьці як палітызаваных грамадзкіх аб’яднаньняў, так і некаторых замежных некамэрцыйных арганізацыяў, грамадзкіх і рэлігійных дзеячаў, недзяржаўных СМІ”.
Такім чынам, недвухсэнсоўна бачна, што Закон можна будзе ўжываць супраць моладзевых аб’яднаньняў кшталту “Зубр” ці “Моладзь БНФ”, ці любой іншай падобнай дэмакратычнай грамадзка-палітычнай арганізацыі, таксама як і супраць апазіцыйных палітыкаў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі, якія будуць асьвятляць грамадзка-палітычныя падзеі ў краіне няўгодным для ўладаў чынам.
Размытыя, нявызначаныя фармулёўкі Закону дазваляюць вельмі шырокую трактоўку такога панятку як “экстрэмізм”. Напрыклад, да “экстрэмізму” адносіцца дзейнасьць, накіраваная “на арганізацыю і зьдзяйсьненьне масавых безпарадкаў”. Гэта значыць, да прыкладу, што арганізацыя любога недазволенага ўладамі шэсьця ці мітынгу (а мы ведаем, як цяжка гэта зрабіць законна, згодна з беларускім заканадаўствам) можа трактавацца як “экстрэмісцкія дзеяньні”. Палітычныя зьняволеныя Павел Северынец і Мікола Статкевіч паводле гэтага закону, таксама ёсьць сапраўднымі “экстрэмістамі”.
Болей таго, да такіх дзеяньняў адносіцца і “садзеяньне ў іх зьдзяйсьненьні”. Гэта значыць, да прыкладу, што пятнаццацігадовы хлопчык, які будзе расклейваць па горадзе інфармацыю пра забаронены ўладамі мітынг таксама будзе прыраўнаны да “экстрэміста”, а газета, якая напіша пра ягоную падрыхтоўку, будзе лічыцца “экстрэмісцкай”.
Праўда, беларуская заканадаўчая база не падрыхтаваная для нейкіх асаблівых пакараньняў, зьвязаных з “экстрэмісцкімі дзеяньнямі”. У Законе сказана, што “за зьдзяйсьненьне экстрэмісцкай дзейнасьці грамадзяне нясуць адказнасьць згодна з заканадаўствам”. Гэта значыць, што па ўсіх пунктах гэтай дзейнасьці ўлады будуць ужываць ужо звыклыя для нас артыкулы адміністратыўнага і крымінальнага кодэксу (распаўсюд незарэгістраванай прадукцыі, антысанітарыя, парушэньне парадку правядзеньня мітынгаў і дэманстрацый, абраза прэзідэнта, хуліганства і масавыя безпарадкі).
Верагодна, што пазьней будуць распрацаваныя сьпецыяльныя артыкулы адміністратыўнага і крымінальнага кодэксаў для “экстрэмістаў”, але пакуль што галоўная небясьпека гэтага Закону ня столькі ў рэальным узмацненьні пакараньняў для “непаслухмяных” партыйных актывістаў, грамадзкіх арганізацыяў і СМІ, колькі ў канчатковай замене дзяржаўнай лексікі на сталінскі лексікон. Там, дзе пачынаюць бясконца казаць пра ўнутраных экстрэмістаў (а ў законе амаль нічога не сказана пра міжнародны экстрэмізм, які рэальна прадстаўляе небясьпеку для ўсіх краінаў сьвету), дзе слова “экстрэміст” афіцыйна, цяпер ужо на падставе Закону, будзе качацца ўсімі налева і направа, там чакай масавых рэпрэсіяў! Сталіншчына – ідэйны падмурак сёньняшніх беларускіх уладаў, змрочная здань “важдзя народаў” распрасьцёрлася над Беларусьсю.
Відавочна, што гэты закон зьяўляецца ідэалагічным абгрунтаваньнем масавых рэпрэсіяў, да якіх, як выглядае, рыхтуюцца беларускія ўзлады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 году.
А.Б.