Барысаў: Абскарджваецца фармаванне раённай выбарчай камісіі
Сёння, 29 студзеня, у суд Барысаўскага раёна была пададзена скарга на рашэнне прэзідыума Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў, Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта па фармаванні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Як паведаміў праваабаронца Алег Мацкевіч, у скарзе ўтрымліваецца просьба прызнаць гэта рашэнне незаконным.
Падаўцы скаргі просяць таксама абавязаць прэзідыум Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў, Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне пра фармаванне раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з уключэннем у яе Марыны Статкевіч, як прадстаўніка грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Акрамя таго, падаўцы скаргі лічаць неабходным, каб на паседжанне органа, які фармуе новы склад камісіі, быў запрошаны прадстаўнік Марыны Статкевіч Леў Марголін.
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, суд павінен разгледзець скаргу і прыняць рашэнне па ёй на працягу трох дзён.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"