У складзе выбарчых камісій -- спрэс правераныя кадры
Барысаў
30 студзеня выйшаў у свет спецыяльны выпуск газеты Барысаўскага райвыканкама "Адзiнства", амаль сакрэтны, паколькі ў гарадскіх кіёсках "Белсаюздруку" знайсці яго было немагчыма. Сакрэтнасць, відавочна, тлумачацца тым, што ў суботнім выпуску на першай старонцы было апублікавана рашэнне раённых Савету дэпутатаў і выканкама аб стварэньні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
“Сакрэтна" да агульнага ведама быў даведзена і персанальны склад органа. Праўда, без залішніх падрабязнасцяў. Прозвішча, імя, імя па бацьку плюс таямнічая група грамадзянаў альбо не менш таямнічыя грамадскія аб'яднанні і партыі.
Тым не менш, нейкія папярэднія высновы зрабіць усё ж можна. Па-першае, з 12 сяброў раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі дзевяць былі сябрамі выбарчых камісій у 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў, а значыць, з'яўляюцца не толькі надзейнымі, але і праверанымі кадрамі.
Трое пачаткоўцаў, сакратар пярвічкі БРСМ з правамі райкама Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Сяргей Мароз, дырэктар Барысаўскага дома дзіцячай і юначай творчасці Галіна Лужкоўская і начальнік Старабарысаўскага аддзела міліцыі Аляксандр Моніч - верагодна, проста надзейныя.
Публікацыі 2008 года дазваляюць зрабіць здагадку, што, адзіны прадстаўнік ад партыі, уключаны зараз у склад камісіі Анатоль Пішчухін, прадстаўляе не таямнічую, а суцэль канкрэтную Камуністычную партыю Беларусі. Неназваныя грамадскія аб'яднанні, у сваю чаргу, суцэль чаканыя БРСМ і "Белая Русь".
Кідаецца ў вочы, што большасць сяброў раённага выбаркама маюць наўпроставыя або ўскосныя адносіны да выхавання падрастаючага пакалення. Гэта намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Мікалай Зелянкевич, які, хутчэй за ўсё, ужо абраны старшынёй камісіі, бібліятэкар сярэдняй школы №11 Таццяна Стасава (найбольш верагодны сакратар), а таксама супрацоўнік аддзела адукацыі Інэса Арыніч, Юрый Лукашоў, якога вылучыў працоўны калектыў установы адукацыі "Барысаўская дзяржаўная прафесійна-тэхнічная вучэльня №62 будаўнікоў". Плюс узгаданыя ўжо Сяргей Мароз, Галіна Лужкоўская і Анатоль Пішчухін.
Магілёў
У складзе Магілёўскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі знаёмыя твары. Так, з 13 сяброў утворанай камісіі шасцёра (Валянціна Бансюкова, Раіса Валаткевіч, Аляксандр Залатухін, Вольга Іванова, Віталь Карытка і Людміла Шаміга) прымалі ўдзел у працы Магілёўскай гарадской выбарчай камісіі падчас выбараў у мясцовыя Саветы ў 2007 годзе. Пры гэтым Аляксандр Залатухін, дырэктар ТДА “Спецмантаж”, быў старшынёй гарадской выбарчай камісіі і ў 2003 годдзе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”