Выбарчы марафон: лічбы і тэндэнцыі тыдня
Згодна з Указам прэзідэнта ад 18 студзеня 2010 года №21, выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 26 склікання Рэспублікі Беларусь прызначаны на 25 красавіка. Варта адзначыць, што гэта першая выбарчая кампанія, падчас якой на практыцы будуць выпрабаваныя новыя палажэнні, унесеныя ў Выбарчы кодэкс літаральна напярэдадні кампаніі.
Адразу пасля абвяшчэння Указу аб прызначэнні выбараў сваю працу па правядзенні маніторынгу выбарчага працэсу пачалі па ўсёй краіне беларускія праваабаронцы ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Адной з пастаўленых мэтаў маніторынгу яны бачаць аналіз таго, як на практыцы рэалізуюцца новыя палажэнні выбарчага заканадаўства.
Вылучэнне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі
Асноўнай падзеяй мінулага тыдня выбарчай кампаніі стала фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій. У адпаведнасці з Каляндарным планам, зацверджаным Цэнтральнай камісіяй, этап вылучэння прэтэндэнтаў у склад камісіяў працягваўся да 26 студзеня, а фармаваліся яны да 29 студзеня ўключна. Было сфармавана 1495 тэрытарыяльных выбарчых камісій, у тым ліку: 6 абласных, 1 Мінская гарадская, 118 раённых, 12 гарадскіх гарадоў абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх гарадоў раённага падпарадкавання, 56 пасялковых і 1 288 сельскіх выбарчых камісій.
Вылучэнне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі адбывалася трыма шляхамі: ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам падачы заяваў. Усяго для ўдзелу ў працы тэрытарыяльных выбарчых камісій было вылучана 13 106 прадстаўнікоў.
Партыйныя структуры па краіне вылучылі меней за 1,1% ад агульнага ліку прэтэндэнтаў - толькі 149 прадстаўнікоў. З іх больш за палову (82 чалавекі) - прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, яшчэ 21 чалавек - ад партыі левых “Справядлівы свет” (былая Партыя камуністаў Беларуская); ад АГП – 14, БСДП(Г) – 8, ЛДП – 9, Партыі БНФ – 6, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 6, Беларускай аграрнай партыі – 2, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі – 1.
Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік у інтэрв’ю БЕЛТА паспяшаўся заявіць пра нізкую актыўнасць палітычных структураў і нежаданне рэальна выкарыстоўваць тыя правы, якія ім надалі змены ў выбарчым заканадаўстве. Аднак пры гэтым спадар Лазавік замоўчвае пра рэальныя ўмовы, у якіх існуюць партыі, найперш апазіцыйныя: з 2000 году ў Беларусі не была зарэгістравана ніводная палітычная партыя, і толькі за мінулы 2009 год было адмоўлена ў рэгістрацыі тром: Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (двойчы), Беларускай партыі працоўных (правапераемнік Беларускай партыі працы, ліквідаванай у 2004 годзе) і Партыі свабоды і прагрэса (чацьвёртая адмова, пачынаючы з 2004 года). Такім чынам, гэтыя партыі былі пазбаўленыя рэальных магчымасцяў вылучыць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі шляхам партыйнага вылучэння. У гэтых абставінах яны былі вымушаныя вылучаць сваіх прадстаўнікоў зборам подпісаў грамадзянаў, як, напрыклад, Партыя БХД, якая вылучыла 43 сваіх сябраў. Акрамя таго, трэба ўлічваць і адсутнасць зарэгістраваных палітычных структураў у многіх рэгіёнах (чаго толькі вартае патрабванне мець офіс і юрыдычны адрас у нежылых будынках), а менавіта на іх ускладалася вылучэнне ў адпаведныя тэрытарыяльныя камісіі. Не трэба забывацца і на рэальную практыку кампаній папярэдніх, калі з заяўленых у тэрытарыяльныя камісіі асобаў у іх склад не ўключалі нікога, а таксама наступствы палітычнай дзейнасці апазіцыйных актывістаў, найперш у рэгіёнах, як звальненні з працы і т.п.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, значна большую ініцыятыву па ўдзеле ў працы выбаркамаў праявілі грамадскія аб’яднанні Беларусі. Яны вылучылі 4 151 сваіх прадстаўнікоў (ці 31,7% ад агульнага ліку прэтэндэнтаў на ўдзел у працы выбаркамаў). Зноў жа варта адзначыць, у якім стане да выбарчай кампаніі падышлі грамадскія аб’яднанні. Вядома, тыя, што падтрымліваюцца дзяржавай і нават атрымліваюць фінансаванне з бюджэту, накіравалі шырокія і стройныя шэрагі ў большасць тэрытарыяльных камісіяў, не сумняваючыся ў станоўчым выніку. А з незалежнымі аб’яднаннямі ўсё аказалася не так аптымістычна. Перш за ўсё, сказаліся масавыя “зачысткі” дэмакратычна настроеных НДА папярэдніх гадоў, а таксама нежаданне дзяржаўных уладаў бачыць такія арганізацыі ў легальным прававым полі праз адмовы ў рэгістрацыі. Паказальны прыклад тут – сітуацыя з адмовамі ў рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, якому ўжо тройчы (двойчы толькі на працягу 2009 года) адмоўлена ў магчымасці легальнага існавання.
Найбольшая колькасць заяваў на ўдзел у тэрытарыльных камісіях было атрыманая ад грамадзянаў - 7 216 (больш за 55%). Варта адзначыць, што сярод іх – многія з прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, які скарысталі дадзены шлях вылучэння, часта не маючы іншай магчымасці.
Ад працоўных калектываў паступіла 1 590 заяваў (12%). Тут трэба адзначыць, што працоўныя калектывы як суб’ект палітычнага жыцця даўно ўжо сталі сапраўдным рудыментам савецкай эпохі, ад якога пазбавіліся фактычна ўсе краіны былога СССР, але не Беларусь. Пра неабходнасць перагляду палажэнняў заканадаўства аб выбарах, згодна з якімі працоўныя калектывы ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях, неаднаразова заяўлялі незалежныя эксперты ў галіне выбарчага права.
І хто ж аказаўся вартым заняць месцы ў камісіях?
Згодна з законам, абласныя і Мінская гарадская тэрытарыяльныя камісіі ствараюцца прэзідыумамі абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі; раённыя, гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) тэрытарыяльныя камісіі ствараюцца прэзідыумамі раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў і раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі; гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія тэрытарыяльныя камісіі – адпаведна гарадскімі, пасялковымі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі. За вызначаны перыяд усе неабходныя паседжанні былі праведзеныя і камісіі сфармаваныя (адваротнай інфармацыі не паступала ні з афіцыйных крыніцаў, ні ад удзельнікаў манірорынгавай кампаніі).
Згодна з новаўвядзеннямі ў Выбарчы кодэкс, для прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў было гарантавана не менш за адну траціну месцаў у тэрытарыяльных камісіях. Гэты аспект асабліва адсочваўся ўдзельнікамі маніторынгу дадазенага этапу выбарчай кампаніі, і асаблівая ўвага ўдзялалася, наколькі апазіцыйныя палітычныя партыі маглі скарыстацца законнымі гарантыямі.
Па выніках фармавання абласных тэрытарыльных выбарчых камісіяў вядома, што тры з шасці (Брэсцкая, Віцебская і Гарадзенская) уключылі ў свой склад прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў. Адначасова найбольшае прадстаўніцтва ў абласных камісіях атрымалі вылучэнцы ад ЛДП і КПБ – яны прадстаўленыя ў кожнай з іх. Не знайшлося ніводнага месца ў абласных камісіях для дэмакратычных актывістаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, а таксама прадстаўнікам незалежных арганізацыяў. Грамадскія аб’яднанні, прадстаўнікі якіх паўсюдна занялі месцы ў камісіях, гэта “правераныя” і надзейныя БРСМ, “Белая Русь”, ветеранскія арганізацыі, “Беларускі саюз жанчын” і т.п.
У Брэсцкую абласную камісію ўключаны прадстаўнік БСДП(Г) Павел Корнеў (усяго ад апазіцыйных партыяў было 3 вылучэнцы: 1 ад БСДП(Г), 1 ад Партыі БНФ і 1 ад партыі левых “Справядлівы свет”). Акрамя сацыял-дэмакрата з партыйцаў у камісію былі зацверджаны сябры КПБ, ЛДП і Партыі працы і справядлівасці.
У склад Віцебскай абласной камісіі таксама быў зацверджаны адзін сябра апазіцыйнай партыі – прадстаўнік “Справядлівага свету” (прадстаўнікі Партыі БНФ і АГП месцаў у камісіі не атрымалі). Сябрамі камісіі з партыйцаў зацверджаны таксама па адным прадстаўніку ЛДП і КПБ, а вось былому палітзняволенаму Сяргею Парсюкевічу і пісьменніку Паўлу Севярынцу, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, месцаў не знайшлося.
У Гомельскую абласную камісію дэмакратамі прапаноўваліся кандыдатуры сябра АГП Святланы Гальдадзе, а таксама актывісткі Марыі Тульжанковай, якая падавала заяўку ад грамадзянам, аднак іх кандыдатуры не былі падтрыманы. Затое зноў жа ў камісіі аказаліся ліберальныя дэмакраты і камуністы з КПБ.
У Гарадзенскай абласной камісіі будзе працаваць прадстаўнік АГП Віктар Какарэка. Усяго было пададзена на ўключэнне ў камісію 40 заяваў, з іх 50% -- ад дэмакратычнай апазіцыі: 1 ад Партыі БНФ, 1 ад БСДГ, 1 ад АГП і 17 прэтэндэнтаў, якія вылучыліся шляхам збору подпісаў.
Партыйныя вылучэнцы ў Мінскай абласной камісіі прадстаўлены ЛДП і КПБ. Ніхто з прадстаўнікоў дэмакратаў у склад камісіі зацверджаны не быў, у тым ліку і праваабаронца Алег Мацкевіч, які вылучаўся шляхам збору подпісаў грамадзянаў.
Ніводзін з прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі не патрапіў і ў склад Магілёўскай абласной камісіі (вылучаліся прадстаўнікі ад Партыі БНФ, АГП і “Справядлівага свету”), а партыйная квота там традыйцына размеркавалася паміж ЛДП і КПБ.
Асобнай увагі заслугоўвае Мінская гарадская камісія, у склад якой з прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў уключылі вылучэнца ад АГП Сяргея Альфера і члена бюро Цэнтральнага камітэта партыі “Справядлівы свет” Сяргея Вазняка. Юрыст Уладзімір Лабковіч, які вылучаўся ад Партыі БНФ, у склад камісіі ўключаны не быў, як і ягоны паплечнік -- палітолаг Юрый Чавусаў, які вылучаўся ад ГА БНФ “Адраджэньне”. Не быў уключаны у склад камісіі і Сяргей Мацкевіч,старшыня Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі і каардынатар Форума грамадзянскай супольнасці ў рамках ініцыятывы “Усходняга партнёрства” (вылучаўся ад ГА “Цэнтр “Супольнасць”). Астатнія месцы камісіі былі размеркаваны сярод прадстаўнікоў “правераных” грамадскіх аб’яднанняў: Саюзу ветеранаў, “Белай Русі”, БРСМ і г.д. Уключэнне прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў у склад камісіі некаторыя эксперты ацанілі як палітычнае рашэнне, разлічанае на Захад.
Што датычыць камісіяў гарадскіх (гарадоў як абласнога, так і раённага падпарадкавання) і раённых, то там назіраліся прыкладна тыя ж тэндэнцыі па фарміраванні іх складу, як і абласных. Да прыкладу, прадстаўнік левай партыі „Справядлівы сьвет“ быў уключаны ў Брэсцкую гарадзкую тэрытарыяльную камісію, але былі праігнараваны заявы прадстаўнікоў Партыі БНФ, АГП, БСДП(Г). У Віцебскую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію не прайшоў ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў (вылучаліся прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, БСДП(Г) і аргкамітэту па стварэнні Партыі БХД, які падаваў адпаведную заяву ад грамадзянаў). Не былі падтрыманы кандыдатуры вылучэнца ад АГП Юрыя Варонежцава і гісторыка Святаслава Шапавалава (аргкамітэт Партыі БХД) на ўключэнне ў Гомельскую гарадскую камісію. Затое ў Гародні ў склад гарадской камісіі патрапіў 75-гадовы сябра апазіцыйнай партыі левых “Справядлівы свет” Іосіф Нячай, але пры гэтым былі праігнараваны заявы прадстаўнікоў Партыі БНФ, АГП і БСДГ. У Магілёўскую гарадскую камісію не былі ўключаны прадстаўнікі ад Партыі БНФ, “Справядлівага сьвету”, “Магілёўскага праваабарончага цэнтру” ды дабрачыннай арганізацыі “Кропля жыцьця”. Зноў жа месцы ў камісіях былі размеркаваны сярод праўладных камуністаў, прадстаўніку ад РГА “Белая Русь”, РГА “БРСМ”, арганізацыі ветеранаў вайны у Афганістане, арганізацыі ветэранаў ВАВ і дзяржаўных прафсаюзаў.
У выбарчых камісіях – правераныя кадры
Папярэднія звесткі адносна складу створаных тэрытарыяльных камісіяў дазваляюць ужо зараз адзначыць, што месцы ў камісіях занялі збольшага надзейныя і правераныя ў папярэдніх выбарчых кампаніях людзі.
Так, з 12 сяброў Барысаўскай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі дзевяць былі сябрамі выбарчых камісій у 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў. Кідаецца ў вочы таксама, што большасць сяброў раённага выбаркама маюць наўпроставыя або ўскосныя адносіны да выхавання падрастаючага пакалення. Гэта намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Мікалай Зелянкевіч, бібліятэкар сярэдняй школы №11 Таццяна Стасава, а таксама супрацоўнік аддзела адукацыі Інэса Арыніч, Юрый Лукашоў, якога вылучыў працоўны калектыў установы адукацыі "Барысаўская дзяржаўная прафесійна-тэхнічная вучэльня №62 будаўнікоў”, Сяргей Мароз -- сакратар пярвічкі БРСМ Барысаўскага дзяржаўнага каледжа і дырэктар Барысаўскага дома дзіцячай і юначай творчасці Галіна Лужкоўская і Анатоль Пішчухін.
З 13 сяброў утворанай Магілёўскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі шасцёра (Валянціна Бансюкова, Раіса Валаткевіч, Аляксандр Залатухін, Вольга Іванова, Віталь Карытка і Людміла Шаміга) прымалі ўдзел у працы Магілёўскай гарадской выбарчай камісіі падчас выбараў у мясцовыя Саветы ў 2007 годзе. Пры гэтым Аляксандр Залатухін, дырэктар ТДА “Спецмантаж”, быў старшынёй гарадской выбарчай камісіі і ў 2003 годдзе.
Гарантыі адкрытасці новыя, але правілы гульні для многіх засталіся старымі
Згодна з унесенымі ў выбарчы закон зменамі (арт. 34 ВК), на паседжаннях органаў, якія фармуюць камісіі, мелі права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі. Якім чынам змены, унесеныя ў заканадаўства, былі інтэрпрэтаваны мясцовымі ўладамі пры зацвярджэнні выбарчых камісій?
Паводле інфармацыі з рэгіёнаў, працэдура па фармаванні тэратарыяльных выбаркамаў у розных месцах адбывалася па-рознаму. Так, пры фармаванні ў Барысаве раённай выбарчай камісіі прадстаўнікоў вылучэнцаў на паседжанні бачыць не пажадалі: законныя прадстаўнікі грамадзян, якія вылучалі ў склад камісіі праваабаронцу Марыну Статкевіч і сябры АГП, ад якой вылучалася актывістка Рэгіна Вільтоўская, не былі праінфармаваныя пра сумеснае паседжанне Барысаўскага выканкама і прэзідыума райсавета. Аналагічная сітуацыя адбылася пры фармаванні Брэсцкай гарадской камісіі. Там вылучэнцу ад грамадзянаў Сяргею Вакуленку, нягледзячы на яго просьбу, супрацоўнікі гарвыканкаму не паведамілі пра час правядзення паседжання па зацвярджэнні складу камісіі.
Дзівосная сітуацыя склалася з фармаваннем Бярозаўскай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Вылучэнцам у камісію ад грамадзянаў Тамары Шчапеткінай і Кастусю Дзенісеню супрацоўнікі райвыканкаму доўга, але ветліва адказвалі, што “не ведаюць”, калі павінна адбыцца паседжанне, але потым высветлілася, што яно адбылося зусім “раптоўна”: “вызвалі са спісамі вылучэнцаў і ўжо стварылі выбарчую камісію”.
Разам з тым, зафіксаваныя і станоўчыя прыклады выканання патрабаванняў заканадаўства. Так, чыноўнікі Менскага аблвыканкама ўлічылі законную просьбу грамадзян, якія вылучылі барысаўскага праваабаронцу Алега Мацкевіча ў склад абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. І Сяргей Салаш, прадстаўнік грамадзян, якія падпісаліся за вылучэнне А. Мацкевіча, быў запрошаны на сумеснае паседжанне Менскага аблвыканкама і абласнога савета, на якім фармавалася выбарчая камісія.
“Неўключэнцы” пішуць скаргі
Згодна з новаўведзенымі палажэннямі ў Выбарчы кодэкс, суб’екты, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, у выпадках іх неўключэння набылі права абскарджваць у судзе рашэнні органаў, утварыўшых камісіі. Гэта новая практыка, але можна ўжо зараз казаць, што многія з прэтэндэнтаў, якія так і не сталі сябрамі тэрытарыяльных камісіяў, намераны выкарыстаць гэтае права.
Так, шэраг гарадзенскіх грамадска-палітычных актывістаў 30 студзеня накіравалі скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію, Гарадзенскі абласны суд, суд Ленінскага раёну г. Гродна па факце іх неўключэння ў тэрытарыяльныя камісіі. Віктар Сазонаў вылучаўся ў Гарадзенскую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію ад партыі БСДГ, туды ж вылучаўся грамадска-палітычны актывіст Алег Калінкоў шляхам збору подпісаў, а Сяргей Мальчык – ад Партыі БНФ у Гродзенскую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію. Віктар Сазонаў, Алег Калінкоў, а таксама старшыня гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў падалі па дзве скаргі ў вышэйзгаданыя інстанцыі. Грамадска-палітычныя актывісты лічаць, што пры фармаванні тэрытарыяльных камісій былі парушаныя іх правы, а дэмакратычныя партыі і актывісты ў выбарчым працэсе падвяргаюцца дыскрымінацыі.
28 студзеня вядомы палітолаг Юрый Чавусаў падаў у Мінскі гарадскі суд скаргу на рашэнне прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта аб адхіленні яго кандыдатуры на ўваход у склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі ад грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”. Сам Юрый Чавусаў лічыць, што яго кандыдатуру адхілілі па палітычных прычынах, бо ў афармленні ўсіх дакументаў ніякіх хібаў не было.
29 студзеня ў суд Барысаўскага раёна была пададзена скарга на рашэнне прэзідыума Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў, Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта па фармаванні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Падаўцы скаргі просяць абавязаць прэзідыум Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў, Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне пра фармаванне раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з уключэннем у яе Марыны Статкевіч, як прадстаўніка грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Акрамя таго, падаўцы скаргі лічаць неабходным, каб на паседжанне органа, які фармуе новы склад камісіі, быў запрошаны прадстаўнік Марыны Статкевіч Леў Марголін.
Суд павінен разгледзець пададзеныя скаргі на працягу трох дзён, але “неўключэнцы” без аптымізму чакаюць рашэнняў судоў, але ж адмовіцца ад абскарджання -- азначала б пагадзіцца з абгрунтаванасцю дзеянняў органаў, што ўтварылі камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары"