Сталічная пракуратура закрыла крымінальную справу супраць вядомага праваабаронцы, намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы
Сталічная пракуратура закрыла крымінальную справу супраць вядомага праваабаронцы, намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы, якога падазравалі ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі і высокапастаўленых чыноўнікаў. Пра гэта праваабаронцу паведамілі ў Менскай гарадзкой пракуратуры. Там прызналі, што не знайшлі ў дзеяньнях спадара Паганяйлы складу злачынства.
Падазраваным у паклёпе Гары Паганяйла стаў у лістападзе 2004 году. Напярэдадні ён даў інтэрвію швэдзкім тэлежурналістам, у якім зьвярнуў увагу на тое, што пад уплывам чыноўнікаў з найбліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі фактычна замаруджанае расьсьледаваньне крымінальных справаў аб выкраданьні апазыцыйных палітыкаў. Як вынік, Гары Паганяйла сам быў абвінавачаны ў тым, што нібыта зьдзейсьніў крымінальнае злачынства. Яму пагражала да пяці гадоў зьняволеньня.
У маіх дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Я нідзе і ніколі не сьцьвярджаў, што вінаватымі ёсьць пэўныя асобы, а толькі выказваў падазрэньні. Свае падазрэньні я матываваў зьвесткамі з адкрытых крыніцаў і зьвесткамі сьледзтва і судоў. Гэтыя зьвесткі былі атрыманыя мной як абаронцам ахвяраў зьнікненьняў, таму маю прафэсійную дзейнасьць немагчыма было патрактаваць як паклёп, -- паведаміў Гары Паганяйла Радыё Свабода