Алег ГУЛАК: Уражвае цынізм, з якім дзейнічаюць улады
- У краіне зараз ціха і спакойна, няма ніякіх праяваў экстрэмізму. Таму няма і лагічных падставаў для увядзення жорсткіх абмежаванняў на публічную дзейнасць. Няма падставаў для такой тэрміновасці з якой прымаюцца гэтыя папраўкі. Але ўлады нават не спрабуюць схаваць тое, што змены ў Крымінальны кодэкс уносяцца ў сувязі з набліжаючыміся прэзідэнцкімі выбарамі і маюць на мэце “трымаць сітуацыю пад кантролем”.
Паводле зменаў, Крымінальны кодэкс дапаўняецца арт.193-1 “Незаконная дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, фондаў альбо ўдзел у іх дзейнасці”. Артыкул прадугледжвае, што калі арганізацыя ліквідавана, альбо яе дзейнасць прыпыненая, то ўдзел у ёй караецца штрафам альбо арыштам ад двух гадоў.
Цікава, што гэты пункт знаходзіцца ў главе Кодэксу “Злачынствы супраць правоў і свабод грамадзяніна”. Атрымоўваецца, што назва супярэчыць зместу главы – папраўкі (калі будуць прынятыя) з’яўляюцца прамым абмежаваннем кантытуцыйных правоў грамадзян.
Яшчэ адно “ноу-хау” беларускага рэжыму – пункт “дыскрэдэтацыя Рэспублікі Беларусь”. Насамрэч гэты артыкул накіраваны на тое, каб абмежаваць права і магчымасць рабіць маніторынг сітуацыі ў краніне, а пасля распавядаць аб гэтым беларускай грамадскаці і міжнароднай супольнасці.
Відавочна, што вядзецца падрыхтоўка да фальсіфікацыяў на бліжэйшых выбарах і робіцца ўсё, каб палітыкі і праваабаронцы не змаглі расказаць людзям праўду пра тое, што адбываецца. Усе гэтыя дзеянні скіраваныя на запалохванне людзей. - Мы, праваабаронцы прынялі зварот. Мы падпісаліся пад ім як прыватныя асобы, паколькі ўжо зараз не ўсе з нас маюць магчымасць працаваць легальна. Мы патрабуем ад прэзідэнта адазваць унесены законапраект, і просім Парламент не прымаць яго ў тым выпадку, калі ён не будзе адазваны. Таксама (пакуль гэта яшчэ магчыма) мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці за падтрымкай.