viasna on patreon

У Наваполацку ўлады адмаўляюць незалежным кандыдатам ладзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў зручных месцах, аказваючы ўціск на адказных асобаў, што прадастаўляюць такія магчымасьці кандыдатам.

2003 2003-02-19T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора, 18 лютага, кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў па 42 выбарчай акрузе г. Наваполацку Зьміцер Салаўёў дамовіўся з дырэктарам Палацу культуры нафтавікоў Тацянай Нечаевай аб прадастаўленьні вялікай залы Палацу дзеля сустрэчы з выбаршчыкамі, якая павінна адбыцца ў суботу – 22 лютага. Перад гэтым З. Салаўёў пракансультаваўся ў Цэнтральнай камісіі па выбарах аб магчымасьці праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, і там яму сказалі, што ён можа ладзіць такія сустрэчы ня толькі там, дзе яму выдзеліць памяшканьне мясцовы выканкам, але і дзе ён зможа дамовіцца, а паколькі Палац культуры нафтавікоў знаходзіцца якраз у цэнтры выбарчай акругі кандыдата, Салаўёў дамовіўся на выкарыстанне менавіта гэтага памяшканьня.

Ён ужо пасьпеў паведаміць выбаршчыкамі пра гэтую сустрэчу, як сёньня, 19 лютага, дахаты да бацькоў Салаўёва патэлефанавала дырэктар Палацу і сказала, што кіраўнік справамі Наваполацкага гарвыканкаму Пётр Пятровіч Гусараў, які адначасова зьяўляецца і старшынём Наваполацкай гарадзкой выбарчай камісіі, забараніў ён прадастаўляць памяшканьне на гэтую сустрэчу. Выклікае зьдзіўленьне ўвага старшыні гарадзкой камісіі да кандыдата ў абласны Савет дэпутатаў, тым болей, што ён не зьяўляецца і кіраўніком Палацу культуры – што значыць, увогуле не мае дачыненьня ні да выбарчай кампаніі Салаўёва, ні да памяшканьня, у якім мусіла адбывацца сустрэча. Генеральны дырэктар “Нафтану” Крывель, які адначасова зьяўляецца сябрам гарадзкой выбарчай камісіі, таксама аказаў ціск на дырэктара Палацу культуры нафтавікоў. Знаходзячыся ў такой сітуацыі, Тацяна Нечаева вымушаная была адмовіць кандыдату і скасаваць ранейшыя дамоўленасьці.

Выканкам жа ў сваю чаргу дзеля сустрэчы з выбаршчыкамі выдзеліў Зьміцеру Салаўёву памяшканьне на ўскрайку гораду, далёка ня толькі ад цэнтру, але і да самой выбарчай акругі, па якой будзе абірацца кандыдат.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства