viasna on patreon

Супраць “Мірона” суд не знайшоў доказаў

2010 2010-03-31T13:10:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hamajda.jpg

Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў спыніў разгляд справы Барыса Хамайды, якога вінавацілі ў вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга, з прычыны адсутнасьці доказаў.

Пратакол пра дробнае хуліганства на Барыса Хамайду склалі 15-га лютага — праз два дні пасьля таго, як невядомы “Мірон” вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на лініі электраперадач над Заходняй Дзьвіной, паміж мастамі імя Кірава і імя Блахіна. Тады міліцыянты заявілі, што маюць сьведку правапарушэньня.
Сёньня ў Чыгуначным райсудзе Барыс Хамайда слухаў яго паказаньні:
“Сьведка тлумачыць, што яны зь сябрам стаялі, адкаркавалі пляшку, ужо зьбіраліся выпіць, і тут заўважылі, што нейкія два чалавекі па другім беразе ходзяць, і раптам зьявіўся сьцяг. Судзьдзя перапытаў: “Можа, вы ўжо выпіўшы былі?” “Не, — гаворыць той, — мы не пасьпелі. Але гэта дакладна ён, я яго пазнаў”. І паказвае на мяне. Я кажу: “Паслухайце, як ён мяне разгледзеў, калі я нібыта на адным беразе быў, а ён на другім?” І судзьдзя таксама засумняваўся: “Сапраўды, калі рыбакі вудзяць рыбу на Дзьвіне, дык твараў іхных не разгледзіш”…
Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў вырашыў, што такія сьведчаньні доказам вінаватасьці апазыцыянэра лічыць ня варта. І скасаваў справу Барыса Хамайды.
Апазыцыянэр кажа, што быў гатовы да пакараньня, тым больш што сапраўднага “Мірона” віцебскім міліцыянтам ніколі яшчэ злавіць не ўдавалася. Але тое, што здарылася — скасаваньне справы за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга — здарылася ўпершыню.
Барыс Хамайда нават вырашыў з гэтае нагоды павіншаваць судзьдзю:
“Я кажу: “Вось гэта вы слушна зрабілі, грамадзянін судзьдзя. Бо доказаў у вас ніколі ня будзе — Мірона ж нельга злавіць, ён можа ўсё! А калі бел-чырвона-белы сьцяг зноў стане дзяржаўным, то і патрэбы ня будзе лезьці неяк на электрычныя драты. Бо гэты сьцяг будзе ў кожнага чыноўніка ў кабінэце, і ён працоўны дзень будзе пачынаць з таго, што зірне на сьцяг, памоліцца за Беларусь ды будзе працаваць, працаваць і працаваць на карысьць Беларусі”.
Уладзіслаў Шыкароў не пагадзіўся з апазыцыянэрам: ён сказаў, што й так працуе на карысьць Беларусі, а справу спыняе толькі таму, што супраць Барыса Хамайды няма доказаў.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства