Парушэньні падчас правядзеньня агітацыі ў Брэсьце.
Кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзяленьня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” Уладзімір Вялічкін паведаміў, што ў Брэсьце адміністрацыямі школ падаваліся планы бацькоўскіх сходаў у гарвыканкам, на якія запрашаліся кандыдаты ад улады. «Непажаданыя» кандыдаты траплялі на сходы-сустрэчы выпадкова, некаторым нават рабілі перашкоды, напрыклад: Васілю Барболіну і ягоным давераным асобам дырэктарка гімназіі № 2 г. Брэста Фрыдрык Г.Ч. не дазваляла праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, чым ігнаравала рашэньне Брэсцкага гарвыканкаму ад 29 лютага 2003 за № 93, у якім дадзеная гімназія была вызначана месцам сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі. Яе паводзіны сталі зразумелымі пасьля азнаямленьня з у лёткай у падтрымку яшчэ адной кандыдаткі па гэтай сама акрузе -- Жыліч Л.І., якая зьяўляецца загадчыцай Маскоўскага РАНА г. Брэста, дзе знаходзіцца гімназія № 2. Улётка падпісаная: “Доверенные лица кандидата. Педагогический коллектив гимназии № 2, выдвинувший кандидата”.
13 лютага група кандыдатаў у дэпутаты Брэсцкага гарацкога і абласнога Саветаў зьвярнуліся ў Брэсцкі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне 1 сакавіка 2003 году мітынгу з мэтай сустрэчы з выбаршчыкамі. Згодна ч. 1 арт. 7 Закону “Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньні” кіраўнік гарвыканкаму “не пазьней чым за 5 дзён да даты правядзеньня мерапрыемства ў пісьмовай форме мусіць паведаміць арганізатару аб прынятым рашэньні”.
Гэта азначае, што 24 лютага арганізатар мусеў ведаць аб прынятым рашэньні. 24-га знайсьці каго-небудзь, хто мог паведаміць аб прынятым рашэньні не ўяўлялась магчымым – “інфармацыйны аддзел” быў заняты нямецкай дэлегацыяй. Рашэньне - дазвол быў атрыманы 25 лютага а 14.35, падпісаны ж быў пару гадзін раней старшынём гарвыканкаму М.П. Гардзіевічам, сьведкам чаго быў арганізатар мерапрыемства Уладзімір Вялічкін. Дата прыняцьця рашэньня была прастаўлена “заднім чыслом” 24-га лютага 2003году.
Як вынік было страчана 2 дні на падрыхтоўку з 5-ці магчымых, сарваная прэс-канферэнцыя для СМІ, стварылісь цяжкасьці з запрашэньнем выбаршчыкаў і гасьцей на сустрэчу-мітынг.
26.02.2003г.
За дадатковай інфармацыяй зьвяртацца ў
Брэсцкае абласное аддзяленне
грамадскага аб'яднаньня
"Праваабарончы цэнтр "Вясна":
(8-0162) 20-13-95
Уладзімір Вялічкін