Cтан здароўя прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча ў турэмным шпіталі застаецца невядомым: афіцыйныя крыніцы адмаўляюцца паведамляць пра яго
21 сьнежня праваслаўны сьвятар айцец Сяргей наведваў вязьня ў турэмным шпіталі і паведаміў сябрам прадпрымальніка, што той вельмі слабы і выглядае кепска. Карэспандэнт радыё Свабоды наведаў турэмны шпіталь і на на ўмовах ананімнасьці даведаўся пра здароўе Мікалая Аўтуховіча.
Лекар сказаў, што раздаваць інтэрвію забаронена, але прадпрымальнік адчувае сябе "здавальняюча": "Мне даводзілася бачыць галадоўнікаў, і скажу, што стан здароўя гэтага чалавека, улічваючы 60 дзён галадоўкі, яшчэ вельмі нядрэнны", — сказаў доктар. Паводле ягоных зьвестак, Аўтуховіч працягвае адмаўляцца ад ежы, але падмацоўваецца гарбатай, кісялём ды прымае глюкозу.
Бацька Мікалая Аўтуховіча ня верыць падобным выказваньням і кажа, што мае іншыя зьвесткі, бо днямі ягоныя знаёмыя сустракаліся з доктарам шпіталю і перадалі несуцяшальныя зьвесткі: “Перадалі іншую інфармацыю. Быццам доктар сказаў, што яшчэ дзён дзесяць працягне, і ўсё. Вось так мне сказалі. Быў там ў Менску адзін таварыш”.
Мікалай Аўтуховіч-старэйшы цяпер спрабуе дамагчыся спатканьня з сынам. Ня выключана, што яму дазволяць спатканьне ў наступны панядзелак.