У Брэсьце старшыня камісіі займаецца агітацыяй, а кандыдату ў дэпутаты з Асіповічаў адмовілі ў выдзяленьні сродкаў на агітацыю -- грошы скончыліся.
У Брэсцкае абласное аддзяленьне “Праваабарончага цэнтру “Вясна” зьвярнуліся бацькі вучняў СШ №29, якія паведамілі, што ім былі ўручаныя агітацыйныя ўлёткі ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Брэсцкага абласнога Савету Пойты П.С. за подпісам дырэктара школы Старык А.Н. Справа ў тым, што Старык А.Н. зьяўляецца старшынёй участковай выбарчай камісіі. У арт. 44 Выбарчага кодэксу РБ устанаўліваюцца паўнамоцтвы ўчастковай камісіі, агітацыя сябрамі ўчастковай камісіі забароненая. Брэсцкае абласное аддзяленьне “Праваабарончага цэнтру “Вясна” накіравала заяву па дадзеным факце ў Брэсцкую гарадзкую выбарчую камісію.
Кандыдату ў дэпутаты Магілёўскага абласнога Савету па Асіповічскай паўночнай выбарчай акрузе №52 Міхаілу Мехадзюку было адмоўлена ў выдзяленьні грашовых сродкаў для правядзеньня агітацыі. Прадстаўнікі Асіповіцкай раённаё выбарчай камісіі адмовілі кандыдату ў выдзяленьні грошай на той падставе, што яны нібыта скончыліся.