Улады ўзмацняюць ціск на апазіцыянераў -- супраць актывіста Паўла Мадшары ўзбуджана крымінальная справа
Гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны паведаміў, што 23 сьнежня ў 23-30 ля ўнівермага "Гомель" быў затрыманы малады актывіст-апазіцыянер Павел Мадшара. Супрацоўнікі міліцыі выцягнулі яго з машыны, паклалі на зямлю і прымусова абшукалі, нібыта знаўшоўшы пры аглядзе наркотыкі.
Паўла Мадшару адвезьлі ў Цэнтральны РАУС Гомеля, дзе супраць яго завялі крымінальную справу аб захаваньні наркотыкаў.
Адседзеўшы ноч ў пастарунку, зранку актывіста павезьлі дахаты, дзе правялі вобшук кватэры, пры гэтым пастанова аб правядзеньні вобшуку была аформленая з пэўным парушэньнем: на ёй адсутнічала пячатка. У кватэры акрамя бел-чырвона-белага сьцяга, партыйных брашур і розных іншых дакументаў і папер міліцыянты нічога не знайшлі -- гэтыя "ўлікі" яны і канфіскавалі.
Праваабаронца Анатоль Паплаўны пракаментаваў затрыманьне наступным чынам: "Ёсьць пэўная заканадаўчая база, і супрацоўнікі міліцыі ў першую чаргу павінны яе прытрымлівацца. Пры затрыманьні і вобшуку дапушчаны пэўныя парушэньні -- гэта відавочна, а падрабязнасьцяў я пакуль ня ведаю, таму больш канкрэтную ацэнку пакуль даць не магу. Буду на месцы, будзем разьбірацца".