Давераную асобу Лагвінца Алеся Таўстыку аштрафавалі на 175 тысяч рублёў
Актывіст прадпрымальніцкага руху, старшыня рады прадпрымальнікаў рынку «Ждановічы» Алесь Таўстыка быў затрыманы ўвечары 24 красавіка на выбарчым участку № 27 Сухараўскай выбарчай акругі № 30 падчас назіраньня за ходам датэрміновага галасаваньня. Ён з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў, актывіста «Руху «За Свабоду», Алеся Лагвінца.
Прыкладна ў 16.50 у кабіну для галасаваньня ўвайшлі адразу два чалавекі, у сувязі з чым Таўстыка карэктна паказаў намесьніку старшыні выбаркама на незаконнасьць такіх дзеяньняў.
У 17.06 Алесь Лагвінец патэлефанаваў у Цэнтрвыбаркам і запатрабаваў тлумачэньняў з нагоды таго, што адбылося. Праз некалькі хвілін у памяшканьне ўвайшла старшыня ўчастковай камісіі Аксана Кокаравa, якая абвінаваціла Алеся Таўстыку ў парушэньні грамадзкага парадку і выклікала нарад міліцыі.
Прыкладна ў 18.30 на назіральніка Таўстыку склалі пратакол аб дробным хуліганстве. З выбарчага ўчастка давераную асобу незалежнага кандыдата даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, дзе ён утрымліваўся да суду.
26 красавіка суд аштрафаваў Алеся Таўстыку на 5 базавых велічыняў (175 тысяч рублёў).