viasna on patreon

Штукатура асудзілі да трох гадоў калоніі за "адмаўленне генацыду беларускага народа"

2024 2024-11-05T14:04:57+0300 2024-11-05T14:16:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/savicki_andrej.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 30 кастрычніка вынеслі першы прысуд у Беларусі за "адмаўленне генацыду беларускага народа" (ч. 1 арт. 130-2 КК). 55-гадовага штукатура са Ждановіч Андрэя Савіцкага асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, абвінаваціўшы яшчэ ў "абразе" Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Падставай для пераследу сталі пасты ў "Аднакласніках" пра Хатынь і Лукашэнку. Такі прысуд вынес Яўген Пісарэвіч, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы. 

Затрыманне Андрэя Савіцкага
Затрыманне Андрэя Савіцкага

Згодна версіі абвінавачвання, з кастрычніка 2020 года па лістапад 2023 года Андрэй Савіцкі "адміністраваў у "Аднакласніках" адкрытую групу. Там ён размясціў некалькі публікацый з "негатыўнай ацэнкай Лукашэнкі", а таксама публікацыю, у якой "адмаўляў масавае знішчэнне вайскоўцамі 118-га шуцманшафт-батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС О.Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 года".

Вядома, што мужчыну затрымалі ў лютым і змясцілі пад варту. Затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа. 

"У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі", — сцвярджаў МУС пасля затрымання.

savicki_andrej.jpeg
Андрэй Савіцкі. Фота з сацсетак

Справу разглядзелі за чатыры судовыя пасяджэнні. Падрабязнасці працэсу распавяло праўладнае выданне sb.by. Паведамляецца, што на судзе даследваны прысуд Катрука ад 18 сакавіка 2024 года, пратаколы допытаў, а таксама "прысуды, якія пацвярджаюць факт знішчэння Хатыні вайскоўцамі 118-га батальёна ахоўнай паліцыі, а таксама асаблівага батальёна СС Дырлевангера".

"Ёсць у справе паказанні сведак. Шмат чаго ёсць, што пацвярджае генацыд беларускага народа. Ацэньваючы прадстаўленую сукупнасць доказаў, суд прыйшоў да высновы, што "спаленне жыхароў Хатыні з'яўляецца адным з прыкладаў генацыдных практык калектыўнай адказнасці, якія праводзяцца ў дачыненні да народанасельніцтва БССР акупацыйнымі ўладамі нямецка-фашысцкай Германіі і іх памагатымі". Гэтыя дадзеныя агульнавядомыя і пацверджаны шматлікімі доказамі, пра што абвінавачаны Савіцкі павінен быў ведаць", — пішуць прапагандысты.

Нагадаем, Закон "Аб генацыдзе беларускага народа" Лукашэнка падпісаў 5 студзеня 2022 года. Абвінавачаных прапануецца караць пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці год.

"Такія абмежаванні недапушчальныя". Павел Сапелка каментуе адказанасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа"

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе Закон, якім устаноўлена адказнасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства