Журналіст і галоўны рэдактар газеты «Ганцавіцкі час» атрымалі афіцыйнае пракурорскае папярэджанне
Пракурор Ганцавіцкага раёна малодшы саветнік юстыцыі Сяргей Дзежка 26 красавіка вынес афіцыйнае папярэджанне галоўнаму рэдактару незалежнай газеты «Ганцавіцкі час» Аляксею Беламу і журналісту выдання Кацярыне Курловіч.
Папярэджанні былі вынесеныя па выніках разгляду звароту ў пракуратуру Ганцавіцкай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання «Аб адлюстраванні непраўдзівай інфармацыі ў артыкуле «Выбары па-ганцавіцку», апублікаваным у «ГЧ» ад 16 красавіка 2010 года.
Па інфармацыі пракуратуры, пад час праведзенай праверкі было высветлена, што ў артыкуле за подпісам Кацярыны Курловіч было памылкова названа імя аднаго з кандыдатаў у дэпутаты, а таксама недакладна ўказана дата завяршэння вылучэння кандыдатаў у дэпутаты (25 сакавіка замест 15 сакавіка).
Акрамя таго, подпіс пад фатаграфіяй да ўказанага артыкулу — «Вынік выбараў часта залежыць не ад выбаршчыкаў, а ад чыноўнікаў, якія засядаюць у выбарчых камісіях», — па меркаванні пракуратуры, «не ўтрымлівае абгрунтаванай аргументацыі гэтага сцвярджэння і не пацвярджаецца выкладзенай у артыкуле інфармацыяй».