Назіральнікі за працэсам Аўтуховіча: “Гэта быў спэктакль”
Праваабаронцы, палітыкі і грамадзяне, якія назіралі за працэсам над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі ў Вярхоўным судзе, падзяліліся сваімі меркаваньнямі пра абгрунтаванасьць абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэракту, арганізацыі падпалаў ды іншых злачынствах.
Сярод меркаваньняў тых, хто браў удзел у «круглым стале» па справе Аўтуховіча, пераважала такое: справа сфальшаваная сьледзтвам на замову з вышэйшых уладных колаў. Прамоўцы зьвярталі ўвагу як на працэсуальныя парушэньні ў зборы доказаў, гэтак і на розныя нестыкоўкі ў саміх доказах. Алеся Мураўёва з ініцыятывы «Прававая дапамога насельніцтву» заўважыла некалькі істотных хібаў, у тым ліку адносна нібыта замахаў на чыноўнікаў:
«Далей ідзе эпізод з замахам на Камянко, які, калі шчыра, зусім незразумелы. Бо ён увогуле нічым не пацьверджаны. Аўтуховіч прызнае, што разы
Былы сьледчы, праваабаронца Алег Воўчак кажа, што не пачуў у судзе пэўных доказаў віны Аўтуховіча, Асіпенкі і Казлова ў падрыхтоўцы тэракту. На думку Воўчака, Аўтуховіч зь сябрамі ўскрылі сыстэму карупцыі чыноўнікаў, уласьцівую ня толькі Ваўкавыскаму раёну, «за што іх і судзяць»:
«Яны нам паказалі на гэтым адкрытым працэсе, што шчупальцы карупцыі праніклі ў самае сэрца, а менавіта ў кіраўніцтва падатковай сыстэмы. І гэтая сыстэма абслугоўвае ўсё кіраўніцтва, ня толькі чыноўнікаў на месцах. Частка грошай ідзе ім, а частка вышэй».
Назіральнікі за працэсам згадалі словы сьведак пра ціск на іх з боку сьледчых. Адзначалася таксама, што абвінавачаньне ў асноўным грунтуецца на паказаньнях аднаго з абвінавачаных — Аляксандра Ларына. Першыя дні пасьля арышту ён не прызнаваў сваю віну цалкам, потым даў прызнальныя паказаньні ня толькі супроць сябе, але і супроць Аўтуховіча, Асіпенкі і Казлова. Што здарылася ў сьледчым ізалятары? — пытаюцца назіральнікі. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:
«Удзел у падрыхтоўцы тэракту — гэта цяжкае злачынства, і тут допыт падазронага абавязковы з удзелам адваката. Ларына дапытвалі фактычна як падазронага менавіта ў падрыхтоўцы тэракту, але справа супроць яго спачатку была заведзеная па артыкуле аб хуліганстве, пры якім удзел адваката неабавязковы. У выніку шмат якія сьледчыя дзеяньні, у тым ліку вочныя стаўкі, праходзілі без адваката».
Палітык Вячаслаў Сіўчык адзначае, што звышвысокія тэрміны пакараньня, запатрабаваныя для абвінавачаных, сьведчаць пра новы віток рэпрэсій супраць «усіх, хто незадаволены рэжымам». Моладзевы актывіст Мікалай Дземідзенка выказаўся за тое, каб выявіць салідарнасьць зь вязьнямі ў дзень абвяшчэньня прысуду:
«Давайце мы прыйдзем у суд з кветкамі. Гэта нармальна. Таму што мы ўпэўненыя, што гэтыя людзі павінны выйсьці на волю. Мы ідзем туды іх сустракаць. Яны адбылі больш за год у турме, адбылі незаконна».
Прысуд у справе будзе абвешчаны 6 траўня. Аўтуховічу пракурор запатрабаваў 20 гадоў зьняволеньня, Асіпенку і Ларыну па 11 гадоў, Казлову — 3 гады.