875 тысяч рублёў штраф былому кандыдату
У Вялікай Бераставіцы сёньня рашэньнем суда на 25 базавых велічынь аштрафаваны былы кандыдат у дэпутаты, сябра партыі БСДП (Грамада) Алег Рамашкевіч. Яго зьвінавацілі ў расклейваньні агітацыйных ўлётак на сьценах дамоў. Рамашкевіч вінаватым сябе не прызнаў.
Суд над Алегам Рамашкевічам распачаўся яшчэ ва аўторак, але быў адкладзены, паколькі ў судзе не было сьведак.
Сёньня супраць Алега Рамашкевіча сьведчыў старшыня сельскага Савету з Малой Бераставіцы, Аляксей Грынюк, і тры жанчыны.
Алег Рамашкевіч, зь яго слоў, назваў суду гэтыя паказаньні хлусьнёй і запытаўся ў сьведак толькі аб тым, дзе яны працуюць, каб давесьці суду, што на гэтых людзей націснулі ўлады. Але суд адхіліў пытаньні.
Штраф у памеры 25 базавых велічынь на сёньняшні дзень складае 875 тысяч рублёў. Судзьдзя, Сяргей Пракопік, ня ўзяў пад увагу тое, што ў Алега Рамашкевіча трое непаўналетніх дзяцей і тое, што ён ня мае працы.