Кароткая гісторыя перасьледу беларускіх журналістаў
Паводле беларускіх і замежных крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі, ягоны прыход да ўлады суправаджаўся пагаршэньнем свабоды прэсы і СМІ.
1 студзеня 2001 году пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс, у які былі ўведзеныя артыкулы 367 (паклёп у адносінах да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) і 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).
Пазьней паводле гэтых артыкулаў былі распачатыя некалькі крымінальных спраў супраць журналістаў незалежных беларускіх друкаваных выданьняў. У чэрвені раённы гарадзенскі суд асудзіў галоўнага рэдактара газэты «Пагоня» Міколу Маркевіча да двух з паловай гадоў пазбаўленьня волі, а журналіста гэтага выданьня Паўла Мажэйку — да двух гадоў за паклёп на прэзыдэнта Беларусі. У верасьні 2002 году суд у Менску вынес вырак — два гады абмежаваньня волі — у дачыненьні да рэдактары газэты «Рабочы» Віктара Івашкевіча, таксама за паклёп на прэзыдэнта.
Першая крымінальная справа за паклёп на прэзыдэнта Беларусі ў інтэрнэце была распачатая ў жніўні 2005 году. Яна тычылася распаўсюду ў сеціве сатырычных мультфільмаў, пэрсанажы якіх былі падобныя да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
Стваральнікамі мэдыяпрадукцыі на сайце грамадзкай ініцыятывы «Трэці шлях» былі Павал Марозаў, Андрэй Абозаў і Алег Мініч.
Фігуранты крымінальнай справы былі вымушаны зьехаць за мяжу. а сама справа была прыпыненая ў сувязі з адсутнасьцю ў краіне асобаў, якія падлягаюць прыцягненьню да адказнасьці, аднак не закрытая.
У сакавіку 2008 году органы пракуратуры і КДБ правялі шэраг ператрусаў у кватэрах і офісах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Іх дапытвалі ў якасьці сьведак па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзыдэнта, заведзенай у дачыненьні да Мініча, Марозава і Абозава. Ва ўсіх пыталіся пра палітычныя мультфільмы «Трэцяга шляху» і пра дзейнасьць тэлеканалу «Белсат», які трансьляваў згаданыя мультфільмы ў сваім эфіры.
У 2009 годзе ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт», які ўпаўнаважыў урад, а таксама спэцыяльную службу ААЦ (апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта) кантраляваць працу беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў. Гэты захад быў ацэнены экспэртамі як афіцыйны пачатак інтэрнэт-цэнзуры.
У студзені 2010 году ААЦ атрымаў новыя паўнамоцтвы, якія дазвалялі кантраляваць каналы сувязі (у тым ліку і інтэрнэт-трафік) для ажыцьцяўленьня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.