У Гародні перасьледуюць Дзьмітрыя Бандарчука
На сябра АГП з Гародні Дзьмітрыя Бандарчука завялі адміністратыўную справу нібыта за незаконны распаўсюд газеты “Новы Час”.
Нагадаем, што 14 траўня гарадзенскія міліцыянты затрымалі дэмакратычнага актывіста, калі той нёс 200 асобнікаў афіцыйна зарэгістраванай газеты ў сваю машыну. Увесь атрыманы наклад “Новага Часу” забралі пасьля складаньня адпаведнага пратаколу, нягледзячы на тое, што ў Дзьмітрыя Бандарчука была на руках афіцыйная даведка з пячаткай, выданая рэдакцыяй, дзе было засьведчана, што ён з’яўляецца грамадскім распаўсюднікам газеты.
Зараз міліцыянты сьцьвярджаюць, што ў газеце зьмешчаны не ўсе выходныя даныя і такім чынам Бандарчук нібыта распаўсюджваў нелегальную друкаваную прадукцыю.
Дата разгляду адміністратыўнай справы пакуль не прызначаная. Але варта яшчэ прыгадаць, што 18 траўня ў Бандарчука ў кватэры, а таксама на лецішчы былі зьдзесьнены два вышукі па справе кампаніі “Гавары праўду”, што сьведчыць пра сісітэмны перасьлед грамадска-палітычнага актывіста.