viasna on patreon

Пракурор запатрабаваў для актывіста БХД тры месяцы арышту

2010 2010-05-28T18:15:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jakavienka_gomeljpg.jpg
Кандыдат у дэпутаты абласнога савета па Юбілейнай акрузе ў Гомелі, каардынатар па стварэнні партыі БХД Яўген Якавенка

Кандыдат у дэпутаты абласнога савета па Юбілейнай акрузе ў Гомелі, каардынатар па стварэнні партыі БХД Яўген Якавенка

28 траўня падчас чарговага судовага паседжання па крымінальнай справе супраць актывіста Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Яўгена Якавенкі за так званае ўхіленне ад вайсковай службы пракурор Цэнтральнага раёну Уладзімір Емяльянчанка запатрабаваў для абвінавачанага 3 месяцы арышту (з адбыццём пакарання ў следчым ізалятары). 

Паводле абвінавачання, Яўген Якавенка некалькі разоў не з’яўляўся на мерапрыемствы прызыву і прымусова дастаўляўся ў ваенкамат.

Як паведаміў прэсавай службе БХД Яўген, сёння яму зноў задавалі адныя і тыя ж пытанні: чаму ён лічыць, што павінен быў атрымаць позву па-беларуску. І ў чарговы раз актывіст спасылаўся на арт.50 Канстытуцыі РБ, а таксама на ваеннае заканадаўства, згодна з якім, зносіны з ваеннаабавязанымі павінны адбывацца “на беларускай і (ці) рускай мовах”.

Сённяшнія заявы пракурора ўвогуле гучалі, як здзек. Так, ён сказаў, што я ілгу, калі кажу, што адмаўляўся падпісваць позву на расейскай мове, бо такую позву мне і не прапанавалі падпісваць. Мне, паводле пракурора, прыносілі позву “на русском языке”, - кажа актывіст БХД.

Суддзя Таццяна Швед прызначыла на 4 чэрвеня прамаўленне Якавенкам апошняга слова, у гэты ж дзень павінен быць вынесены прысуд.

Тры месяцы арышту ў параўнанні з двума гадамі турмы, якія мне пагражалі, камусьці можа падацца мяккай “мерай”, аднак я не прызнаю сабе вінаватым і лічу, што павінен быць цалкам апраўданы”, - адзначыў Яўген Якавенка.

Наколькі вядома, Яўген Якавенка адмаўляўся браць позвы ваенкамату, якія былі выпісаны на расейскай мове. Ён патрабаваў, каб службоўцы камунікавалі з ім на роднай беларускай мове. Прасіў таксама накіраваць яго на альтэрнатыўную службу. 22 сакавіка актывісту было прад'яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад прызыву (ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса).

Нагадаем, што папярэдняя адміністрацыйная справа супраць Якавенкі рассыпалася. Савецкі раённы суд быў штрафаваў актывіста за нібыта няяўку ў ваенкамат па позве 29 снежня. Але абласны суд адмяніў пакаранне, бо насамрэч Яўген позву не атрымаў – ваенкамат чамусці ня здолеў выпісаць прызыўніку позву на беларускай мове.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства