Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Падзея тыдня”, “Інтэрвію са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасьці” і “Захаваем жыцьцё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт: http://www.racyja.com/pages/listen.html
Сёння, 29 чэрвеня, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
Тэмай рубрыкі “Падзея тыдня” стала праблема свабоды асацыяцыяў. У прыватнасці – прыпыненне рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднання “Берасцейская Вясна” з боку Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Берасцейскага аблвыканкаму.
Актывістка “Маладога Фронту” Наста Лойка апошнім часам усур’ёз пачала займацца праваабарончай дзейнасцю. Зразумела, што цікаўнасць дзяўчыны да правоў чалавека з’явілася не на голым месцы, паколькі Наста выконвала абавязкі юрыдычнага кансультанта “маладафронтаўцаў”. Яна і зараз піша скаргі на несправядлівыя судовыя рашэнні, назірае за акцыямі, перадае затрыманым актывістам моладзевых рухаў рэчы ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.
Няпростым быў шлях дзяўчыны да праваабарончай дзейнасці: яна займалася самаадукацыяй, удзельнічала ў праваабарончых школах. Зусім нядаўна Наста была назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. У гутарцы з журналістам Жоржам Кунцэвічам Наста Лойка дзеліцца сваімі ўражаннямі ад арганізацыі выбараў у суседняй краіне, а таксама распавядае пра шлях, які прывёў яе ў праваабарончую сферу.
У рубрыцы “Захаваем жыццё” прадстаўлены апошнія падзеі, звязаныя з кампаніяй за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.
У музычных паўзах – кампазіцыі гурта “Рахіс” з новага альбому “Сшытак з тэкстамі ў малюнках”.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.